Свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, з’яўляецца ўшанаваннем таямніцы святарства Хрыста і нагодай для больш глыбокага яе духоўнага перажывання.
Свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, было ўстаноўлена ў паўсюдным Касцёле папам Бэнэдыктам XVI па прапанове епіскапатаў розных краін і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў як рэха асаблівага Года святарства, які праходзіў падчас яго пантыфікату з 19 чэрвеня 2009 г. да 11 чэрвеня 2010 г.
Днём свята быў вызначаны чацвер пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога. Гэта значыць, што мы адзначаем свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, за тыдзень да ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.
Чацвер традыцыйна лічыцца «святарскім» днём, бо менавіта ўвечары ў чацвер Хрыстус, напярэдадні сваёй мукі і крыжовай смерці, спажыў з апосталамі Апошнюю Вячэру, на якой устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і службовае святарства, якое адрозніваецца ад паўсюднага святарства Божага народа асаблівым удзелам у святарстве Хрыста тых, хто прымае сакрамэнт пасвячэнняў у сане прэзбітэраў або біскупаў.
Дэ гэтага часу ў Касцёле існавала магчымасць цэлебраваць ватыўную св. Імшу пра Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара (гл. Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі, с. 1476–1477), літургічны фармуляр якой можна выкарыстаць таксама і ў дзень свята. Гэта зазвычай было прынята рабіць у першы чацвер месяца, калі ўвесь Касцёл асаблівым чынам моліцца аб пакліканнях да святарства і дзякуе Хрысту за сакрамэнт Эўхарыстыі і за службовае святарства.