Пошук

13.05.2019 11:37   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

12 мая ў касцёле св. Андрэя, апостала, у Нарачы прайшоў першы дэканальны конкурс рэлігійнай песні «Спевам славім Бога», у якім узялі ўдзел дзеці і моладзь з дзвюх парафій Мядзельскага дэканату.

Перад музычным праслаўленнем сабраныя ў святыні вернікі праславілі Бога супольнай малітвай падчас Эўхарыстыі, цэлебрацыю якой узначаліў ініцыятар правядзення вакальнага конкурсу дэкан Мядзельскі кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі. У прамоўленым Божым слове пробашч нарачанскай парафіі кс. Бэрнард Радзік OCD пазнаёміў удзельнікаў св. Імшы са зместам пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Тыдзень малітваў аб пакліканнях, які распачаўся ў гэтую нядзелю.

У адказ на пачутае з вуснаў святара заахвочванне сярод прысутных дзяцей і моладзі знайшліся тыя, хто выказаў жаданне ў будучыні прысвяціць сябе служэнню Богу ў святарстве і манаскім жыцці.

На заканчэнне цэлебрацыі адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і маёвае набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі. Менавіта Марыя, пакорная Слуга Пана, сваім адданым жыццём, цалкам прысвечаным вернаму служэнню Богу, праспявала Яму найпрыгажэйшы спеў хвалы.

Маладыя ўдзельнікі конкурсу «Спевам славім Бога» ў гэтыя хвіліны з хваляваннем прасілі Нябесную Матулю аб дапамозе падчас выступленняў, якія распачаліся пасля набажэнства.

Найбольш музычных нумароў прагучала ў выкананні маладых нарачанцаў — гаспадароў конкурсу.

Адкрыла конкурснае выступленне вакальнае трыа, якое ўтварылася зусім нядаўна, пасля чаго сваім спевам праславілі Бога двое сольных выканаўцаў з нарачанскай парафіі.

Парафія св. Мікалая, біскупа, у Свіры на конкурсе была прадстаўлена вакальным дуэтам, у выкананні якога прагучалі дзве песні. Адна з іх пад назваю «Усмешка Бога» суправаджалася пантамімай, якая дапамагла больш глыбокаму перажыванню багатага духоўнага зместу спеву.

У выніку нумар атрымаўся не толькі змястоўным, але таксама відовішчным: напэўна, ён меў бы поспех нават на дзіцячым «Еўрабачанні».

Завяршыла конкурсную праграму магутнае выступленне моладзевага хору з парафіі св. Андрэя, апостала, у Нарачы. У выкананні калектыву прагучалі некалькі рэлігійных спеваў, якія разам з хорам падхапілі таксама прысутныя ў касцёле вернікі.

Пасля гэтага журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты ў галіне касцёльнай музыкі з парафій, якія не ўдзельнічалі ў конкурсе, вызначыла пераможцаў.

У выніку гран-пры першага конкурсу рэлігійнай песні «Спевам славім Бога» сярод дзяцей і моладзі Мядзельскага дэканату атрымаў моладзевы хор парафіі св. Андрэя, апостала, у Нарачы, а першае месца заняў дуэт Вольгі Гірдзей і Арыны Лінкоўскай з парафіі св. Мікалая, біскупа, у Свіры.

Акрамя таго, дыпломы розных ступеняў атрымалі ўсе ўдзельнікі, якія ў гэты дзень праславілі Бога сваім спевам.

Дэкан Мядзельскі кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі падчас уручэння дыпломаў і падарункаў пажадаў удзельнікам з Божаю дапамогаю развіваць атрыманы ад Бога талент. Святар выказаў спадзяванне, што ў будучыні дэканальны конкурс рэлігійных спеваў збярэ большую колькасць удзельнікаў.

Ксёндз Багуслаў адзначыў, што падобныя мерапрыемствы не толькі ствараюць радасную атмасферу праслаўлення Бога, але і духоўна ўзбагачаюць удзельнікаў і слухачоў, а таксама адкрываюць для дзяцей і моладзі новыя цікавыя перспектывы для развіцця сваіх здольнасцяў і талентаў.

Адна з іх — магчымасць прыняць удзел у конкурсе рэлігійнай песні Sacro Song у межах ІХ Парафіяды дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая пройдзе ў Івянцы на пачатку жніўня.

   

 

Абноўлена 13.05.2019 13:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця