5 мая ў парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску адкрылася незвычайная фотавыстава, падрыхтаваная рэдакцыяй партала Catholic.by у супрацоўніцтве з кс. канонікам Францішкам Рудзем.
На ўнікальных здымках, зробленых падчас замены шкла на цудадзейным абразе Маці Божай Будслаўскай, у павелічэнні можна выразна ўбачыць і падрабязна разгледзець усе дэталі святыні, якая з’яўляецца выдатным творам сакральнага мастацтва эпохі Адраджэння. Тут жа прадстаўлены таксама здымкі найбольш цікавых вотумаў — каштоўных ахвярных дароў Маці Божай, змешчаных каля абраза.
Тое, што немагчыма ўбачыць нават знаходзячыся непасрэдна перад алтаром у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, становіцца даступным дзякуючы дасягненням сучаснай тэхнікі.
Цяпер кожны можа як быццам дакрануцца да такой знаёмай і ў той жа час не да канца вядомай іконы.
Дырэктар партала Catholic.by кс. доктар Аляксандр Улас быў адным з нешматлікіх людзей, якія прысутнічалі пры замене шкла на абразе Маці Божай Будслаўскай. На адкрыцці выставы ён пазнаёміў прысутных з гісторыяй цудатворнай іконы, а таксама з самім абразом, распавёўшы пра тыя элементы гэтага твора сакральнага мастацтва, якія можна ўбачыць на фотаздымках, і пра іх сімвалічнае значэнне.
Тут жа можна было набыць рэпрадукцыю абраза Маці Божай Будслаўскай, надрукаваную ў высокай якасці.
Рэдакцыя партала Catholic.by выказвае сардэчную ўдзячнасць валанцёрам і вернікам за аказаную духоўную і матэрыяльную падтрымку, а таксама за сабраныя сродкі, неабходныя для далейшай дзейнасці інтэрнэт-рэсурса Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
Экспазіцыя, прысвечаная цудатворнаму абразу Маці Божай Будслаўскай у сталічнай парафіі, якая носіць Яе імя, працягнецца да 20 мая.
Маем надзею, што ўжо хутка гэтую фотавыставу можна будзе ўбачыць таксама ў іншых касцёлах нашай бацькаўшчыны. Партал Catholic.by адкрыты для супрацоўніцтва з парафіяльнымі супольнасцямі і з радасцю прыме запрашэнні душпастыраў наведаць парафіі па ўсёй Беларусі.