Незвычайныя памяткі ад пілігрымаў знаходзяць у скарбонках будслаўскага санктуарыя айцы бэрнардыны. Найчасцей гэта крыжыкі, ланцужкі, часам гадзіннікі і заручальныя парсцёнкі.
Кусташ з Будслава а. Віктар Бурлака OFM расказаў, куды ідуць незвычайныя ахвяраванні і адкуль пайшла такая традыцыя.
«Гэта не перапрадаецца. Гэта ахвяравана для Бога»
«Калі бачым у скарбонках такія рэчы, то дастаём і змяшчаем іх у адмысловы скарбец, — расказвае кусташ. — Гэта не здаецца ў ламбард і не перапрадаецца. Гэтыя рэчы праз саму інтэнцыю чалавека ахвяраваныя Пану Богу, нельга выкарыстоўваць іх у іншых мэтах».
Святар падкрэслівае, што нельга глядзець на іх як на паўтара ці тры грамы каштоўнага металу:
«Гэта сімвалічныя рэчы, а не нейкія надзвычайныя каштоўнасці. У іх свая гісторыя. Праз іх чалавек пакідае як бы частку свайго сэрца».
Пробашч удакладняе, што гэтыя рэчы можна было б выкарыстаць для аздаблення пазалочаных шаты і рамы абраза.
«Такая практыка існуе і ў іншых марыйных санктуарыях свету і Еўропы, — адзначае а. Віктар Бурлака OFM. — Таксама вотумамі, зробленымі ў форме рукі, нагі або сэрца, — аздабляюць алтары вакол цудатворных абразоў. Сэрца ў такіх вотумах — сімвал аздараўлення душы чалавека».
На думку пробашча, не выключана, што сённяшняя шата на абраз Маці Божай была зроблена якраз з такіх памятак.
Найбольшыя цуды адбываюцца ў сэрцы
«Найбольшыя цуды адбываюцца ў сэрцы чалавека. Іх нельга ўбачыць ці неяк вымераць, — дадае айцец Віктар. — Бываюць выпадкі, калі людзі прыходзяць і расказваюць свае гісторыі: пра аздараўленне пасля цяжкай аварыі ці нараджэнне дзяцей пасля доўгага часу бяздзетнасці».
Кусташ адзначае, што такія выпадкі не рэдкасць:
«Пасля ўсяго перажытага людзі прыходзяць да Маці Божай Будслаўскай, каб падзякаваць. Часта яны хочуць пакінуць памятку пра сваё аздараўленне: шмат разоў здаралася, што пакідалі гадзіннік, крыжык або ланцужок. Я ж заўсёды прашу, каб людзі запісвалі цуды аздараўлення».
Пісьмовыя сведчанні святар збірае і захоўвае.
«Любое ахвяраванне ў скарбонцы — знак удзячнасці чалавека перад Богам і мы з павагай ставімся да гэтых часамі нечаканых знаходак», — дадае святар.
«Тут варта згадаць прыпавесць пра ўдовін грош: жанчына кінула ў скарбонку толькі дзве лепты, але перад Богам яны мелі куды большую вартасць перад тымі, хто кідаў, маючы лішак» (пар Мк 12, 42).
* * *
Кожную нядзелю ў 12.00 у санктуарыі Маці Божай Будслаўскай цэлебруецца Імша за здароўе усіх, хто просіць аб малітве перад абразом Маці Божай — т.зв. «складковая» Імша.
Сёлета ўрачыстасці ў Будславе пройдуць 1 і 2 ліпеня і будуць прымеркаваны да 20-годдзя каранацыі папскімі каронамі абраза Маці Божай Будслаўскай.