Пошук


Нягледзячы на зацяжныя дажджы, сёлета на ўрачыстасцях у Будславе адчувалася тая самая атмасфера, як і 20 гадоў таму, калі кардынал Казімір Свёнтэк усклаў на цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай папскія кароны.

Цэлебрацыю галоўнай св. Імшы ў дзень урачыстасці ўзначаліў прадстаўнік папы Францішка ў нашай краіне Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр.

                                

«Велічае душа мая Пана», — гэтымі словамі Марыі іерарх на пачатку цэлебрацыі выказаў сваю радасць ад магчымасці разам з вернікамі з усёй Беларусі адзначаць урачыстасць Божай Маці, якая ўшаноўваецца ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе.

«Я вельмі ўдзячны, што гэты санктуарый застаўся такім, якім і быў, і якім заўсёды павінен быць: месцам веры і малітвы, месцам аднаўлення, пакаяння, месцам святочных літургій, месцам, дзе мы перажываем Касцёл, як мацярынскую супольнасць, якая нас падтрымлівае, месцам сустрэчы, месцам гасціннасці», — зазначыў прадстаўнік Папы і дадаў:

«Усім вам перадаю прывітанне Святога Айца Францішка, які добра ведае вашу жывую веру і любоў да нашай нябеснай Маці Марыі».

Гэтыя словы Апостальскага Нунцыя суцешылі вернікаў, якія не пакідаюць надзеі, што калісьці нага наступніка святога Пятра, які неўзабаве наведае краіны Балтыі, ступіць таксама на беларускую зямлю.

Прадстаўнік Папы нагадаў, што пасля апошняй сусветнай сустрэчы моладзі Святы Айцец сказаў: «Падчас гэтай вандроўкі я наведаў таксама санктуарый у Чэнстахове і перад абразом Марыі атрымаў падарунак — позірк Маці».

Працягваючы думку папы Францішка, арцыбіскуп Пінтэр дадаў:

«Сёння ў Будславе мы з вамі таксама можам сказаць, што атрымалі ў падарунак позірк Божай Маці. Як і Святы Айцец у Чэнстахове, молячыся перад абразом Марыі з Яснай Гары, так і мы тут, стоячы на каленях перад святым алтаром Будслаўскай Багародзіцы, сапраўды атрымліваем у падарунак Яе позірк, позірк Маці».

Нунцый таксама ўзгадаў, як год таму ўпершыню быў у будслаўскім санктуарыі і стараўся ўважліва ўглядацца ў вочы Панны Марыі, падкрэсліўшы, што толькі ў малітве магчыма атрымаць дар позірку Божай Маці. Паводле яго словаў, вернікі наведваюць марыйныя санктуарыі ва ўсім свеце, каб у гэтых благаслаўлёных мясцінах прыпасці да асаблівай крыніцы моцы, каб сустрэцца з позіркам Божай Маці і праз блізкасць да Маці Божага Сына сэрцам адчуць прысутнасць Усемагутнага Айца.

«Прызнаемся шчыра, што гэтага нам часта балюча не стае. Таму, стаміўшыся, мы шукаем прысутнасці Айца ў любячым і суцяшальным позірку Марыі, просячы Яе аб матчыным заступніцтве», — вызнаў іерарх, адзначыўшы, што гэтая супольная малітва сведчыць пра еднасць у веры з іншымі братамі і сёстрамі, дапамагае адчуць, «што мы належым адзiн аднаму, што мы — народ, які любіць Бога».

Апостальскі Нунцый падзяліўся з удзельнікамі ўрачыстасці духоўнай парадай папы Францішка, які запрашае вернікаў глядзець на іншых вачамі Марыі.

«Калі аднойчы вы заўважыце, — кажа Папа, — што ваш позірк стаў жорсткім з-за працы, стомленасці — з кожным здараецца, — што, сустракаючыся з людзьмі, вы адчуваеце, што яны вас раздражняюць або вам абыякавыя, спыніцеся і паглядзіце на Яе зноў, глядзіце на Яе вачамі самых маленькіх з вашага народа, якія жабруюць і шукаюць матчына ўлонне, і Яна ачысціць вашыя вочы ад кожнай „катаракты“, якая не дазваляе бачыць Хрыста ў душах; Яна вылечыць вас ад любой блізарукасці, што робіць для вас раздражняльнымі патрэбы людзей, якія, па сутнасці, з’яўляюцца патрэбамі Уцелаўлёнага Пана, і ацаліць вас ад любой дальназоркасці, пры якой губляюцца дэталі, нататкі, запісаныя маленькімі літаркамі, але ад якіх залежаць жыццёва важныя аспекты ў жыцці Касцёла і сям’і. Позірк Божай Маці лечыць», — нагадаў словы Святога Айца яго прадстаўнік у Беларусі. 

   

Гаворачы пра прыклад Марыі, які пакліканы наследаваць усе хрысціяне, прымаючы Божую волю так, як Яна, арцыбіскуп заахвоціў вернікаў палюбіць сваё жыццёвае пакліканне, як Марыя любіла сваё. Ён таксама заклікаў ствараць шлях да Бога, пракладаючы шляхі паміж братамі.

Напрыканцы іерарх падзякаваў удзельнікам урачыстасці за прысутнасць і паабяцаў расказаць пра іх саміх і пра іх веру Святому Айцу Францішку.

«Я бачу, што вы ганарыцеся тым, што вы — католікі і беларусы. Пра гэта сведчыць вашае нястомнае жаданне ісці да Марыі, а таксама безліч сцягоў і плакатаў, якія вы прынеслі сюды. Божа, благаславі Беларусь і яе цудоўны народ! Няхай Марыя благаславіць вас усіх, хто любіць Бога, хто любіць сваю Радзіму, хто любіць свае сем’і!» — сказаў напрыканцы Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр і завяршыў сваю гамілію заклікам разам з Марыяй сказаць сваё «так» Богу: «Няхай мне станецца паводле Твайго слова».

Абноўлена 03.07.2018 00:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.