24 красавіка ва Універсітэце кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве (Польшча) адбылася абарона доктарскай дысертацыі кс. Сяргея Сурыновіча, які нясе служэнне пробашча ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі (Віцебская дыяцэзія).
Абароненая праца была напісана на кафедры экзегетыкі Новага Запавету тэалагічнага факультэту Інстытута біблійных навук на тэму: «Прынцыпы ўтварэння антрапонімаў і тапонімаў у перакладах Новага Запавету на сучасную беларускую мову».
Абароне доктарскай працы папярэднічала напісанне навуковай дысертацыі, даследаванні і праца над якой працягваліся пяць гадоў. У працэсе абароны адбыўся камісійны экзамен па спецыяльнасці біблійная тэалогія. Гэта навука, што ў сукупнасці з біблійнай інтрадукцыяй і біблійнай экзегэтыкай складае і стварае дысцыпліну пад агульнай назвай біблістыка.
У сваіх навуковых даследаваннях кс. Сяргей Сурыновіч, кіруючыся гістарычна-крытычным метадам, аналізуе антрапонімы і тапонімы семіцкага, грэцкага і лацінскага паходжання ў перакладах Новага Запавету на сучасную беларускую мову, зробленых у 1914–2017 гадах.
Аўтар прадстаўляе шырокі спектр праблематыкі разнастайнасці і шматпланавасці спробаў разумення і інтэрпрэтацыі, этымалогіі і транскрыпцыі ўласных імёнаў і геаграфічных назваў згодна з агульнымі характарыстыкамі біблійнага, тэалагічнага і лінгвістычнага кірункаў. Ён праводзіць паслядоўны аналіз адпаведна рэлігійнай і гістарычнай, лінгвістычнай і перакладчыцкай, тэалагічнай і канфесійнай традыцый, прадстаўляе абгрунтаваныя высновы і перспектывы развіцця біблійнай анамастыкі.
Доктарская дысертацыя кс. Сяргея Сурыновіча, напісаная пад навуковым кіраўніцтвам прафесара-бібліста кс. Януша Крэцідлы, з’яўляецца першай і наватарскай спробай навуковага аналізу азначанай тэмы і ахоплівае ўсе пераклады Новага Запавету на сучасную беларускую мову.
Даведка
Кс. Сяргей Сурыновіч нарадзіўся 13 красавіка 1976 г. у вёсцы Лугамавічы Іўеўскага раёна ў сям’і настаўніка. Пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся ў духоўных семінарыях у Гродне і Санкт-Пецярбургу. Нёс святарскае служэнне ў розных парафіях на тэрыторыі Расіі, пасля вяртання ў Беларусь быў пробашчам парафіі Святога Духа ў Віцебску і парафіі Божага Провіду ў Слабодцы (Браслаўскі дэканат). Цяпер нясе служэнне пробашча ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Друі.