Пошук


18 красавіка, у Вялікі чацвер, святары Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сабраліся ў архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску на святой Імшы Хрызма, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў, арцыбіскуп нагадаў, што ў кожны Вялікі чацвер Касцёл успамінае ўстанаўленне сакрамэнту пасвячэння. Раніцай усе прэзбітэры кожнай дыяцэзіі канцэлебруюць св. Імшу з біскупамі ў катэдры, што з’яўляецца знакам адзінства прэзбітэрыю мясцовага Касцёла.

«У гэты дзень мы павінны дзякаваць Богу за дар святарства, які дазваляе нам моцаю Хрыста штодзённа абвяшчаць вечна жывое і дзейснае Божае слова, цэлебраваць Эўхарыстыю і іншыя сакрамэнты і гэтым самым несці Бога і Яго ласку людзям.

Мы павінны дзякаваць за асабістае сяброўства, якім у сакрамэнце пасвячэння нас адорвае Збаўца», — дадаў іерарх.

«Мы намашчаны Святым Духам і пасланы абвяшчаць Божае слова і вызваленне палонным, вяртаць зрок сляпым, выпускаць спакутаваных на свабоду і абвяшчаць год ласкі Пана, — адзначыў пастыр архідыяцэзіі. — Таму, як вучыць папа Бэнэдыкт XVI, святар павінен чуваць, калі ўздымаюцца сілы зла, <…> быць нязломным перад абліччам амаральных тэндэнцый часу, абвяшчаць праўду і чыніць дабро».

«Мы павінны быць салідарнымі з нашымі вернікамі, быць іх слугамі, а не валадарамі, чакаць іх у канфесіяналах, суправаджаць у цяжкасцях, памятаць пра патрабуючых, — звярнуў увагу Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. — Мы таксама павінны разумець,што Касцёл па сваёй сутнасці святы, але адначасова з’яўляецца Касцёлам грэшнікаў. Таму Касцёл ніколі не атаясамліваецца толькі са святымі. Ён не можа выключыць са сваёй супольнасці грэшнікаў, бо дзеля іх збаўлення ўстаноўлены».

«Памятаючы аб тым, што галоўным заданнем Касцёла ў сучасным свеце з’яўляецца новая евангелізацыя, трэба сябе спытаць: як неабходна абвяшчаць Божае слова, каб адказна выканаць роль пасрэдніка ў адносінах паміж Богам і чалавекам?

Найперш патрэбна захаваць вернасць таму, хто паклікаў, і таму, хто пасылае, гэта азначае Хрысту. Святар, які абвяшчае Божае слова, ніколі не дзейнічае ад свайго імя, але ад імя Хрыста. Менавіта для гэтага ён атрымаў Святога Духа, каб заставацца верным Езусу. Гэта вернасць павінна адносіцца як да зместу, так і формы абвяшчэння», — дадаў арцыбіскуп.

Таму, па словах іерарха, святар павінен пастаянна ўдасканальвацца, «каб належным чынам разумець праўду, што знаходзіцца на старонках Святога Пісання. Біблія «павінна быць для святара яго Айчынай». Таксама, нагадаў пастыр архідыяцэзіі, «неабходна паглыбляць сваё пазнанне вучэння Касцёла, каб мець магчымасць адказаць на выклікі часу».

Божае слова «неабходна абвяшчаць так, як гэта рабіў Езус»: «справа не толькі ў тым, што неабходна выкарыстоўваць прыдатныя для сучаснага чалавека спосабы, але і ў тым, што абвяшчэнне павінна быць пазітыўным, такім, якое натхняе». Таму «прапаведанне павінна весці не да асуджэння грэшнікаў, а да іх навяртання, да адкрыцця на бязмежную Божую міласэрнасць», «павінна несці надзею».

«Сапраўднай матывацыяй нашай дзейнасці павінна быць не наша слава і кар’ера, а слава Бога і збаўленне людзей», — заўважыў таксама іерарх.

У Вялікі чацвер Касцёл дзякуе Езусу за дар святарства, якое Ён устанавіў на Апошняй Вячэры.

«Святарства — гэта вялікі і вельмі каштоўны дар, але адначасова і заданне, — звярнуў увагу арцыбіскуп. — Мы занятыя шматлікімі справамі, непасрэдна святарскімі і тымі, якія не заўсёды маюць з імі непасрэдную сувязь. Гэта рознага роду заняткі, што з „хобі“ перарастаюць у дзейнасць, якая не спрыяе непасрэднаму выкананню святарскіх абавязкаў і нават ім перашкаджае.

Мы таксама займаемся некаторымі справамі, да якіх, як святары, не пакліканы непасрэдна, але якія вымушаны выконваць. Гэта найперш будаўніцтва і рамонты. <…>

Нягледзячы на гэта, ніхто не вызваляе нас ад непасрэдных святарскіх абавязкаў.

У сувязі з гэтым Святы Айцец Бэнэдыкт XVI кажа, што святар пакліканы не да таго, каб быць экспертам у галіне эканомікі, будаўніцтва ці палітыкі, а каб быць экспертам у галіне духоўнага жыцця і спецыялістам у сустрэчы чалавека з Богам».

Важнай справай у святарстве Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі назваў і захаванне святарскай еднасці. «Святары разам з вернікамі належаць да супольнасці Касцёла, як да адной касцёльнай сям’і. Але ці мы — святары — самі ўтвараем прэзбітэрыяльную сям’ю, да якой пакліканыя?» — над гэтым пытаннем ён прапанаваў задумацца.

Арцыбіскуп пажадаў братам у святарскім служэнні, каб гэтае чарговае святкаванне дня ўстанаўлення сакрамэнту пасвячэння «не толькі было нагодай да ўдзячнасці за дар святарства, але таксама падбадзёрыла нас быць святарамі паводле Сэрца Езуса і гарэць Яго любоўю ў выкананні нашых святарскіх абавязкаў».

Падчас Імшы духоўныя асобы аднавілі святарскія абяцанні. Таксама адбылося благаслаўленне алею хворых і кансэкрацыя алею хрызма.

Пасля заканчэння цэлебрацыі прайшла пастырская сустрэча духавенства Міншчыны. Яе распачаў традыцыйным зваротам да святароў прадстаўнік папы Францішка ў нашай краіне Апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр.

Працягнуў сустрэчу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Іерарх перадусім падзякаваў за малітвы аб паспяховай аперацыі, якую ён нядаўна перанёс, і распавёў пра стан свайго здароўя, што паступова паляпшаецца. Арцыбіскуп таксама падзякаваў духавенству за душпастырскую працу ў перыяд Вялікага посту, за праведзеныя рэкалекцыі, за споведзь, пасійныя і іншыя велікапосныя набажэнствы, наведванне хворых і г.д.

Арцыпастыр паведаміў, што па выніках сустрэчы Старшынь Канферэнцый Біскупаў з усяго свету на тэму злоўжыванняў у Касцёле, якая з 21 па 24 лютага праходзіла ў Ватыкане, рыхтуецца спецыяльны даведнік для біскупаў, які рэгламентуе іх дзеянні ў падобных сітуацыях.

Выкарыстанне непаўнагадовых — гэта не толькі цяжкі грэх, але і сур’ёзнае злачынства, якое падлягае пакаранню. Таму ў выпадку, калі такія факты становяцца вядомымі, біскуп абавязаны неадкладна паведаміць пра гэта адпаведным дзяржаўным уладам.

Таксама будуць паступаць і беларускія біскупы.

Акрамя таго, арцыбіскуп Кандрусевіч растлумачыў, што яго звароты адносна знішчэння крыжоў у Курапатах былі выкліканы маральным абавязкам абараняць Крыж, як і іншыя рэлігійныя і маральныя каштоўнасці, якія зневажаюцца.

«Паводле сацыяльнага вучэння Касцёла мы маем права на маральную ацэнку рэчаіснасці», — падкрэсліў арцыпастыр, дадаўшы, што гэта не з’яўляецца ўдзелам у палітычнай дзейнасці, у чым яго спрабавалі абвінавачваць некаторыя.

Далей іерарх пазнаёміў прысутных з планам душпастырскіх мерапрыемстваў, пра якія можна даведацца на нашым партале.

Паведаміўшы на заканчэнне, што наступная пастырская сустрэча для духавенства ўсёй Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пройдзе ў сталічным касцёле св. Сымона і св. Алены (Чырвоны касцёл) у аўторак 28 мая, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў усім святарам і кансэкраваным асобам вясёлых і радасных Велікодных святаў.

 

Абноўлена 18.07.2019 13:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця