У другую Велікодную нядзелю — сёлета 28 красавіка — у Касцёле адзначаецца свята Божай Міласэрнасці.
«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім». Гэта найбольшая і першая запаведзь. Другая ж — падобная да яе: «Любі бліжняга твайго, як самога сябе». На гэтых дзвюх запаведзях грунтуецца ўвесь Закон і Прарокі.
(Мц 22, 37-40)
Так адказвае Езус кніжніку на пытанне аб найбольшай запаведзі.
Бог патрабуе ад чалавека толькі любові. Не нейкай павярхоўнай прывязанасці, а любові, што паходзіць з самай глыбіні сэрца, шчырай і адданай. Дык што ж насамрэч азначае любіць Бога?
Дзесьці інтуіцыйна гэтай любові шукалі першыя вучні Хрыста — апосталы. Адчуваючы сваім сэрцам крыніцу любові ў Ім, яны ідуць на вялікую рызыку: пакідаюць свае дамы, матэрыяльны дабрабыт, выбіраюць невядомы для іх стыль жыцця. Кожны з іх не мог растлумачыць, што яго прыцягвае да Хрыста, але жаданне быць з гэтым Чалавекам давала сілы ісці супраць перакананняў свайго розуму і старацца зразумець памкненні свайго сэрца. Знаходзячыся з Хрыстом, напэўна, кожны з апосталаў шукаў свой уласны адказ на пытанне, як ён хоча адказаць на Яго любоў, як ён хоча любіць Яго ўсім розумам і ўсім сэрцам.
Найбольш відавочным для іх адказам было жаданне быць як мага бліжэй да Хрыста, заставацца верным Яму, падтрымліваць Яго, выконваць Яго волю. Жаданне двух з вучняў сесці праваруч і леваруч Езуса ў Валадарстве Нябесным, напэўна, было прадыктавана не эгаістычным жаданнем быць вышэй за астатніх, а жаданнем рэалізаваць першую запаведзь любові.
Але, як стала відаць пазней, толькі фізічнае знаходжанне побач з Хрыстом і нават магчымасць перажываць разам з Ім важныя моманты гісторыі збаўлення не даюць гарантыю выканання запаведзі любові.
Як вядома, у самы важны момант жыцця Хрыста, калі Ён паміраў за кожнага з нас на крыжы, толькі адзін з дванаццаці быў побач. Кожны з іх быў гатовы аддаць жыццё за Яго, але страх перад смерцю прывёў да здрады Божай любові.
Чаго не хапіла вучням, каб застацца вернымі Божай любові і выканаць запаведзь любові?
Разгортваючы кнігу Дзеяў Апосталаў, бачым, як перад намі паўстаюць ужо як быццам зусім іншыя людзі. Ад нядаўняга страху і няпэўнасці не засталося і следу! Апосталы адважна абвяшчаюць Уваскрослага Езуса Хрыста, абвяшчаюць Яго Любоў.
Што стала крыніцай такой перамены? Прычына не толькі ў атрыманні Духа Святога, але і ў спазнанні Божай Любові праз Божую Міласэрнасць. Сустрэўшыся з Уваскрослым Езусам, апосталы не пачулі словы папрокаў і абвінавачвання, якіх заслугоўвалі з прычыны сваёй здрады. Езус іх не адкідае. Ён прабачае і даручае ім місію абвяшчэння Божага збаўлення.
Толькі спазнаўшы Божую Міласэрнасць, апосталы зразумелі, што азначае любіць Бога ўсім сэрцам сваім і ўсёй душой сваёй, і ўсім розумам сваім. Бог здабывае сваіх вучняў праз сваю Міласэрнасць.
Бог, адкрываючы чалавеку сваю Міласэрнасць, дае магчымасць не толькі даведацца пра Яго бязмежную Любоў, але і дакрануцца да яе, адчуць яе сваім сэрцам. Дзякуючы Божай Міласэрнасці апосталы змаглі стаць перад сабой у праўдзе, прыняўшы сябе са сваімі слабасцямі, бо зразумелі, што Бог мае патрэбу ў чалавеку і жадае дапамагчы яму.
Спазнаўшы Божую Міласэрнасць, вучні ідуць абвяшчаць Божую Любоў іншым людзям. Яны разумеюць, што іх слабасці і грахі не могуць стаць перашкодай у абвяшчэнні Божай Любові. Каб любіць Бога ўсім сэрцам сваім і ўсёй душой сваёй, і ўсім розумам сваім, трэба Божую Любоў, якую мы прымаем праз Божую Міласэрнасць, праяўляць праз служэнне іншаму чалавеку, што апосталы і рабілі да канца свайго жыцця, ажно да праліцця сваёй крыві.