20 красавіка, у Вялікую суботу, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр наведаў парафію Багародзіцы Апякункі Сем’яў у Ждановічах, што пад Мінскам, і благаславіў тут стравы на велікодны стол.
Гэта быў першы візіт Апостальскага нунцыя ў каталіцкую парафію ў Ждановічах. Вернікі разам са сваімі пробашчам Аляксандрам Фаміных сустракалі іерарха хлебам-соллю каля капліцы.
Прадстаўнік папы Францішка ў нашай краіне прывітаў парафіянаў і скіраваў да іх сваё слова, у якім, між іншым, адзначыў:
«Езус Хрыстус памёр і ўваскрос дзеля нас і дзеля нашага збаўлення, каб мы жылі Божым жыццём і ўдзельнічалі ў вялікай радасці. Выразам гэтай радасці будзе нашая сустрэча з уваскрослым Панам у Пасхальнай ахвяры святой Імшы, якую будзем цэлебраваць сёння ўначы.
Урачыстасць Уваскрасення Хрыста мы будзем з радасцю святкаваць таксама падчас супольнай гасціны ў нашых сем’ях. Таму сёння мы прыносім для благаслаўлення некаторыя стравы, якія будзем спажываць у сям’і, і просім, каб Хрыстус напоўніў наша сэрца радасцю і ўзаемнай спагадай, а таксама ўзнагародзіў працу нашых бацькоў і блізкіх, якія прыгатавалі гэтыя стравы».
Пасля прагучалі словы з Дзеяў Апосталаў пра еднасць, якая панавала з самага пачатку ў супольнасці вучняў Хрыста (гл. Дз 2, 44–47).
Арцыбіскуп Габар Пінтэр растлумачыў вернікам, што гэты тэкст са Святога Пісання паказвае жыццё першых хрысціянаў, якое адзначалася прастатой, аднадушнасцю, радасцю і супакоем.
«Гэта паветра Хрыстовага Касцёла, гэта атмасфера кожнай хрысціянскай супольнасці. Хрысціяне ахвотна і з радасцю збіраюцца разам, не хаваюцца адзін ад аднаго, не разыходзяцца па сваіх кутках.
Хрысціяне з радасцю збіраюцца разам, таму што Хрыстус не памёр, як думалі і думаюць сёння многія. Хрыстус уваскрос з мёртвых, жыве сярод нас. Ён не прывід, не ідэя, не традыцыя; Ён — жывы Бог, чыю прысутнасць кожны з нас аднойчы дасведчыў, адчуў і прыняў. Гэта Ён збірае нас вакол сябе і прагне, каб мы жылі, як адна сям’я. Папросім у Яго ласкі верна ісці за Ім, каб і нашая супольнасць стала сведкай Яго ўваскрасення».
Апостальскі нунцый благаславіў стравы на велікодны стол і ад імя Святога Айца ўдзяліў благаслаўленне парафіянам.
Апоўначы ў ждановіцкай капліцы распачалася Пасхальная вігілія.
У гаміліі, прамоўленай у святую ноч Уваскрасення Хрыста, кс. Аляксандр Фаміных звярнуў асаблівую ўвагу на веру, да якой няспынна заклікае людзей Бог.
Упершыню ў гісторыі маладой ждановіцкай парафіі падчас літургіі хросту Пасхальнай вігіліі адбыўся хрост дзяўчынкі, нараджэнне якой было «вымалена» ў сценах гэтай капліцы.
Вігілія завяршылася на золку традыцыйнай рэзурэкцыйнай працэсіяй.