Пошук

21.05.2019 11:27   Тэкст: Наталля Нікуліна / Фота: Карына Нікуліна / Catholic.by

19 мая ўпершыню ў гісторыі парафіі Багародзіцы Апякункі сем’яў у Ждановічах, што пад Мінскам, адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі.

У гэты дзень сама прырода стварыла святочны настрой: чыстае блакітнае неба, пах бэзу ў паветры, зялёная трава з рассыпанымі на ёй дзьмухаўцамі…

Да Першай Камуніі прыступаюць дзве дзяўчынкі: васьмігадовая Вера Ганкевіч і адзінаццацігадовая Ульяна Акіменка.

Белыя сукенкі і светлыя твары. Гэта дзень, які бывае раз у жыцці, таму разам з дзецьмі радуюцца не толькі родныя і блізкія: гэта свята для ўсёй парафіі.

«У мяне сёння вялікая радасць, таму што ў маім святарскім жыцці гэта Першая святая Камунія як пробашча, якім я з’яўляюся ўжо чатыры гады.

Для мяне і для парафіі гэта вельмі значная і радасная падзея. Хвала Пану!» — дзеліцца сваімі пачуццямі пробашч ждановіцкай парафіі кс. Аляксандр Фаміных.

Да першага ў сваім жыцці прыняцця Цела Хрыста дзяўчынкі рыхтаваліся пад кіраўніцтвам катэхеткі Вольгі Бібік. Яны вучылі малітвы, разважалі аб Слове Божым, стараліся ўсім сэрцам зразумець і палюбіць Хрыста, а тыдзень таму паспяхова вытрымалі экзамен на ўзровень рэлігійных ведаў.

«Веды — гэта яшчэ не вера. Я жадаю, каб набытыя веды дапамаглі нашым дзецям быць сапраўднымі шчырымі веруючымі людзьмі і каб гэты Новы Запавет, які яны атрымалі ў падарунак, быў сапраўднай настольнай кнігай на працягу ўсяго іх жыцця», — выказала пажаданне настаўніца дзяўчынак.

Перш, чым прыступіць да Камуніі, неабходна было паспавядацца — таксама ўпершыню.

Вера прызналася, што спачатку баялася і плакала, але Ульяна малілася за яе і казала: «У Веры ўсё атрымаецца, у Веры ўсё атрымаецца…»

І атрымалася. На пачатку св. Імшы дзеці прынялі благаслаўленне бацькоў і ўвайшлі ў касцёл. У гаміліі пробашч звярнуў увагу на тое, што гэты дзень вельмі важны ў жыцці кожнага хрысціяніна, якое з’яўляецца няспынным шляхам да Бога. Звяртаючыся да дзяцей, святар сказаў:

«Найлепшы падарунак, які вы сёння атрымаеце — гэта Пан Езус, якога вы прымеце ў святой Камуніі ў постаці хлеба і віна. Езус аддаў сваё жыццё за нас. Ён хоча, каб мы любілі адзін аднаго, любілі Яго больш за ўсё, каб любілі таксама сваіх бацькоў». «Няхай Бог будзе ў вашым сэрцы», — дадаў ксёндз Аляксандр і пажадаў дзяўчынкам узрастаць у веры.

Потым, трымаючы ў руках запаленыя свечкі, Вера і Ульяна аднавілі абяцанні хросту: вызналі веру і выракліся зла. Разам з бацькамі яны ўзнеслі просьбы да Бога Айца, молячыся за ўсіх дзяцей, за сем’і, за выхаванцаў і пастыраў, за бацькоў і хросных.

Нарэшце, надышоў той момант, калі адбылася першая сустрэча дзяцей з Езусам у Эўхарыстыі. Адразу дзесьці далёка засталіся ўсе іх папярэднія хваляванні, і сэрцы напоўніліся любоўю і ласкаю.

«Радасць! Скакаць хочацца ад радасці!» — у адзін голас дзеляцца пачуццямі Ульяна і Вера.

Святар уручыў ім памяткі аб Першай святой Камуніі і падарунак ад парафіі — кнігі Новага Запавету. Падарунак, аб якім, як выявілася, Ульяна марыла.

«Напярэдадні ў суботу я з аднакласнікамі ездзіла ў Полацк, дзе наведала святыя месцы. Мы былі ў Сафійскім саборы, і нам распавядалі пра Бога, пра Еўфрасінню Полацкую. Там былі старадаўнія кнігі, і мне таксама захацелася мець кнігу пра Бога. Вось яна сёння ў мяне і з’явілася!» — падзялілася сваёй радасцю дзяўчынка.

Напрыканцы літургіі прагучалі словы шчырай падзякі Езусу Хрысту за Яго любоў і міласэрнасць, а асабліва за той вялікі дар, якім з’яўляецца Ён сам у святой Камуніі. Бацькі выказалі падзяку тым, хто меў дачыненне да духоўнай і інтэлектуальнай падрыхтоўкі дзяцей да сакрамэнту, і зладзілі ўрачысты стол каля капліцы.

Гледзячы на шчаслівых дзяцей, дарослыя прыгадалі свае першыя сустрэчы з Богам.

«Я таксама прымала сваю Першую Камунію ва ўзросце 11 гадоў, як і дачка. Нас рыхтавала сястра законная. Заняткі праводзіліся ў прыватным доме. Што датычыцца дзяцей, зараз будзем далей рыхтавацца да сакрамэнту канфірмацыі», — кажа мама Ульяны Вольга Акіменка.

На працягу гэтага тыдня, які называюць «белым», дзеці кожны дзень будуць хадзіць у сваім прыгожым «першакамунійным» строі на св. Імшу, каб дзякаваць Богу за сакрамэнты паяднання і Эўхарыстыі. За гэты час яны яшчэ лепш адчуюць веліч таго незвычайнага Божага дару, які чалавек атрымлівае ў зямным жыцці.

Гэты рэпартаж падрыхтаваны ў межах курсу журналістыкі навучэнцамі Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля. Выкладчык Ларыса Абрамчук.

Абноўлена 21.05.2019 11:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.