На заканчэнне Крыжовага шляху, які адбыўся 16 красавіка, у Вялікую сераду, каля мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха), дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі благаславіў памятны крыж ксяндзу Гадлеўскаму, які заняў пачэснае месца на цвінтары каля святыні.
На самым пачатку гэты крыж быў пастаўлены ва ўрочышча Благоўшчына, дзе масава расстрэльвалі людзей. Адбывалася гэта ў адным з найбольшых у свеце лагераў смерці, які быў створаны ў ваколіцах Мінска ля вёскі Малы Трасцянец. Паводле афіцыйных дадзеных, па колькасці загінулых гэта чацвёрты ў свеце канцэнтрацыйны лагер Трэцяга рэйху.
Менавіта ў гэтым месцы нацысцкімі акупантамі быў забіты рэлігійны, грамадскі і палітычны дзеяч Беларусі, стваральнік і кіраўнік Беларускага антынацысцкага руху ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі.
Ён быў адным з першых святароў, якія сталі праводзіць набажэнствы на роднай мове.
Нарадзіўся ён 16 лістапада 1888 года ў мястэчку Поразава Ваўкавыскага павету, скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і Пецярбургскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916).
Быў адным з заснавальнікаў і лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, а таксама рэдагаваў газету «Крыніца».
Будучы вельмі адукаваным святаром, выкладаў у Нясвіжскай беларускай семінарыі. У 1924 г. быў прызначаны пробашчам касцёла ў мястэчку Жодзішкі. У 1925 і 1927 гг. арыштаваны польскімі ўладамі, а ў сакавіку 1927 года яго абвінавацілі ў распаўсюджванні «рэвалюцыйнай дактрыны» і асудзілі на два гады турмы, якія ён правёў у Варшаве, дзе напісаў адзіны ў тыя часы беларускі падручнік па гісторыі ранняга хрысціянства пад назваю «Гісторыя святая, або Біблейная Новага Закону».
Пасля вызвалення з турмы ў 1929 г. пераязджае жыць у Вільню, дзе ў 1930 г. часткова перакладае на беларускую мову Новы Запавет (чатыры Евангеллі і Дзеі Апосталаў).
Калі ў 1939 годзе пачынаецца Другая сусветная вайна, пераязджае ў Коўна, а ў чэрвені 1940 г. — у Варшаву. Будучы ў Коўне, напрыканцы 1939 года засноўвае Беларускую незалежную партыю.
Ужо ў верасні 1941 г. пераязджае жыць у Мінск, дзе займае пасаду галоўнага школьнага інспектара пры нямецкім камісарыяце, а таксама з’яўляецца адзіным беларускім каталіцкім святаром на ўвесь горад. Выкарыстоўваючы сваё становішча, ён рыхтуе беларускае антынацысцкае супраціўленне, а ў асаднай Беларусі стварае сетку пачатковых, сярэдніх і спецыяльных беларускамоўных школ.
Аднак 24 снежня 1942 года ксёндз Гадлеўскі быў арыштаваны спецслужбамі рэйху ў Чырвоным касцёле ў Мінску і закатаваны гестапаўцамі без суду і адпаведнай дакументацыі працэсу.
Крыж у памяць пробашча Чырвонага касцёла кс. Вінцэнта Гадлеўскага быў усталяваны ў Трасцянцы ў 2008 годзе. Гэтую акцыю ініцыяваў краязнаўца і навуковец Анатоль Белы.
Падчас упарадкавання тэрыторыі ён быў зняты і перададзены дзяржаўнымі ўладамі ў касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Мінску.