Гісторыя свайго жыцця, боль, цяжары і складанасці, перашкоды і цярпенне — менавіта з гэтых сведчанняў рэальных людзей складаўся змест Крыжовага шляху, які адбыўся ў Мінску напярэдадні Вялікага чацвярга каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску.
Кожная стацыя — гэта не проста разважанні, гэта глыбокая рана на целе сучаснага нам чалавека. Рана, якую цяжка, а часам па-чалавечы і немагчыма вылечыць. Рана, нанесеная самім чалавекам, і асабліва балючая, калі табе яе наносіць той, каго ты найбольш любіш — твае блізкія і родныя.
Праблемы сённяшняга свету: п’янства, адзінота, залежнасць, забойства ненароджанага дзіцяці і гэтак далей, — тое, пра што разважалі падчас Крыжовага шляху.
Разважалі пра жыццё нашага свету, жыццё паасобнага чалавека, які ўвесь час усе свае памкненні кіруе ў бок прыемнасці і карыснасці. Аднак, атрымоўваючы іх, плаціць за гэта вялікую цану. Уласнае «я» ўсё больш і больш заглыбляецца і тоне ў дрыгве граху і зла. Чалавек губляе сваю чалавечнасць, нішчыць сваю душу, сваё падабенства да Створцы. Нішчыць таксама тых, хто найбліжэй да яго — сваю сям’ю, дзяцей, жонку, мужа.
Адзіны паратунак, які мог бы дапамагчы ўратавацца — гэта Хрыстус і Ягоны Крыж.
Кожнае сведчанне — гэта своеасаблівы шлях навяртання. Шлях пошуку і знаходжання. Шлях цярпення і збаўлення, бо менавіта там, у канцы гэтага шляху — Уваскрасенне!