Пошук

15.04.2019 13:07   Catholic.by

13 красавіка адбылося ўрачыстае мерапрыемства «Адраджэнне гістарычных традыцый Мінскай ратушы», прымеркаванае да 10-годдзя Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Сход нашчадкаў шляхты і дваранства». Каталіцкі Касцёл прадставіў на мерапрыемстве кс. канонік Францішак Рудзь.

Арганізацыя «Сход нашчадкаў шляхты і дваранства» была заснавана ў 2009 г. з мэтай аб’яднання нашчадкаў старажытных шляхецкіх і дваранскіх родаў для даследавання, рэканструкцыі і адраджэння беларускай гісторыі і культуры.

У 2011 годзе арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, удзяліў апостальскае благаслаўленне на дзейнасць і працу арганізацыі.

Ужо на працягу 10 гадоў яна актыўна займаецца вывучэннем пытанняў генеалогіі, геральдыкі, гісторыі шляхты і дваранства, пошукам і рэканструкцыяй родавых гербаў, правядзеннем навуковых і культурных мерапрыемстваў.

Арганізацыя стала ўдзельнікам і ініцыятарам шматлікіх дабрачынных курсаў, семінараў, выставаў і канцэртаў. РГА «Сход нашчадкаў шляхты і дваранства» вядзе актыўную выдавецкую дзейнасць. Яно выпускае інфармацыйныя лісты, буклеты, часопісы і плакаты. Сябры арганізацыі праводзяць музычныя і літаратурныя салоны, канцэрты, балі, тэматычныя лекцыі і экскурсіі.

Дзейнасць арганізацыі добра вядомая ў Беларусі і за яе межамі. Арганізацыя ўсталявала кантакты з аналагічнымі аб’яднаннямі ў Польшчы, Расіі, Украіне, Літве і Латвіі. У 2011 годзе «Сход нашчадкаў шляхты і дваранства» атрымаў акрэдытацыю Міжнароднай арганізацыі ЮНЕСКА.

У свята зала Мінскай гарадской ратушы перанесла наведвальнікаў у эпоху Сярэднявечча на тэрыторыі Беларусі. Удзельнікаў мерапрыемства сустракала шляхта і рыцары.

Ксёндз канонік Францішак Рудзь у сваім выступленні адзначыў:

«Сённяшняе свята яшчэ раз даказвае вялікую цікавасць людзей да адраджэння сваёй культуры і гісторыі. Народ з’яўляецца нацыяй, калі ён усведамляе сваю індывідуальнасць, сваё асаблівае месца ў агульначалавечай гісторыі. У кожнага народа свой духоўны твар і характар.

Неад’емнай часткай культурнай і гістарычнай спадчыны на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца хрысціянства. На нашай Радзіме мы бачым значныя змены ў культурным жыцці беларускага грамадства, якія знайшлі адлюстраванне і ў рэлігійнай сферы. Вырасла колькасць вернікаў у парафіях, узрасла цікавасць людзей да рэлігійнай гісторыі, як значнай часткі духоўна-культурнай спадчыны беларускіх земляў.

Каталіцкі Касцёл актыўна прымае ўдзел у мерапрыемствах, звязаных з захаваннем, рэканструкцыяй і папулярызацыяй нацыянальнай культуры, гісторыі і яе адраджэння. Сёння на тэрыторыі нашай краіны сіламі вернікаў каталіцкіх парафій рэканструююцца і рэстаўруюцца помнікі культуры Беларусі: храмы, манастыры, іконы, прадметы рэлігійнага культу. Хочацца адзначыць, што многія рэлігійныя помнікі ў гісторыі Беларусі з’явіліся дзякуючы мецэнацтву шляхты і дваранства.

Мы хочам пакінуць наступным пакаленням сваю рэлігійную гісторыю і спадчыну, каб яны маглі перадаць іх сваім дзецям. І галоўная каштоўнасць гэтага адраджэння — наша вера».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа