10 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылася адарацыя святога Крыжа, якая сабрала вернікаў з розных парафій горада.
Старанная падрыхтоўка адпаведных дэкарацый, разважанняў і спеваў, а таксама непасрэдны ўдзел моладзі ў набажэнстве сведчылі аб тым, што маладое пакаленне добра ўсведамляе значэнне і вартасць крыжа ў хрысціянскім жыцці.
Створаная малітоўная атмасфера спрыяла таму, каб кожны ўдзельнік чування мог увайсці ў таямніцу ўласнага крыжа і паразважаць над глыбінёй сваіх адносінаў з Хрыстом.
Арганізатары велікапоснай сустрэчы шчыра спадзяюцца, што яна стане своеасаблівай духоўнай падрыхтоўкай вернікаў да глыбокага і свядомага перажывання галоўных дзён літургічнага перыяду — Пасхальнага Трыдууму Мукі і Уваскрасення Пана.