Пошук

29.03.2024 23:52   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Мікола Новікаў / Catholic.by

Увечары 29 сакавіка, у Вялікую пятніцу — адзін дзень на працягу года, калі нідзе ў свеце не цэлебруецца святая Імша, — у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылося набажэнства Мукі Пана.

Цэлебрацыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

У поўнай цішыні духоўныя асобы на чале з арцыбіскупам у працэсіі падыші да прэзбітэрыя і ўкленчылі перад раскрытым алтаром і пустым табэрнакулюмам.

Увечары напярэдадні, пасля Імшы Вячэры Пана, з алтара былі знятыя свечкі і абрус, а Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў сімвалічную цямніцу, дзе Езус, здраджаны адным з апосталаў і ўзяты пад варту, правёў ноч у чаканні суду ў Пілата.

Набажэнства распачалося з малітвы, якую ад свайго месца прамовіў арцыбіскуп Станеўскі, пасля чаго адбылася Літургія слова. Сабраныя ў катэдры шматлікія вернікі, да якіх духоўна далучыліся больш за паўтысячы тых, хто глядзеў набажэнства ў анлайн-трансляцыі на Catholic.by, паслухалі апісанне Мукі Пана з Евангелля паводле святога Яна. Яе прачыталі лектар і пробашч сталічнай катэдральнай парафіі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі перадусім адзначыў, што «Вялікая пятніца з’яўляецца сінтэзам Мукі Хрыста».

«Наша прысутнасць у святыні і адарацыя дрэва святога Крыжа — гэта час ласкі, каб навучыцца адчувальнасці Бога ў нашым поглядзе на бліжняга, у нашых меркаваннях, учынках і адносінах», — сказаў арцыпастыр. Ён адзначыў, што «апісанне збаўчых падзей Мукі Езуса на старонках Евангелля — гэта не толькі драма закатаванага нявіннага чалавека, але нешта большае: гэта па-ранейшаму цяперашні шлях і цана нашага адкуплення».

Іерарх нагадаў, што сімвалам манаскага ордэна картэзіянаў з’яўляецца крыж, які вянчае зямны шар, а навокал змешчаны надпіс: «Крыж непарушна стаіць сярод сусветных бед».

«Што сімвалізуе крыж, які з’яўляецца мачтай сярод бурных хваляў свету? Ён увасабляе канчатковае „не“ насіллю, несправядлівасці, нянавісці, хлусні: усяму, што мы называем злом, і адначасова з’яўляецца цвёрдым „так“ любові, праўдзе і дабру. „Не“ граху, „так“ грэшніку. Гэта тое, што Езус практыкаваў на працягу ўсяго свайго жыцця. Такім чынам, крыж не супраць свету, але для свету, каб надаць сэнс усім пакутам, якія былі ёсць і будуць у гісторыі чалавецтва. <…> Крыж — гэта жывое абвяшчэнне канчатковай перамогі не таго, хто трыумфуе над іншымі, але таго, хто трыумфуе над сабой; не таго, хто прычыняе пакуту, а таго, хто пакутуе», — падкрэсліў арцыбіскуп Станеўскі. Ён дадаў, што «крыж — гэта не мінулае, а сённяшні знак любові Бога да людзей, якая робіць свет і нас саміх лепшымі».

«Няхай на гэтым шляху вядзе нас Марыя, Балесная Маці Езуса, нашага Пана і Адкупіцеля», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Пасля доўгай малітвы вернікаў да прэзбітэрыя быў прынесены захінуты ў фіялетавую тканіну крыж. Пад спеў «Вось дрэва крыжа, на якім памёр Збаўца свету», што разам з адказам «Пойдзем з паклонам» паўтараўся тройчы, арцыбіскуп паступова здымаў з крыжа покрыва.

Потым з паклонам да крыжа падыходзілі спачатку духоўныя асобы і прыслугоўваючыя пры алтары, а за імі — усе прысутныя ў касцёле вернікі, каб ушанаваць збаўчую Муку Хрыста дзеля адкуплення чалавека.

Адарацыя Крыжа працягвалася амаль гадзіну, і на працягу гэтага часу хор архікатэдральнага касцёла спяваў пасійныя спевы.

Апошняй часткай набажэнства стаў абрад святой Камуніі, якая была кансэкравана напярэдадні.

Пасля яго заканчэння Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў сімвлічную грабніцу, дзе знятае з крыжа цела Езуса спачывала да моманту Яго хвалебнага ўваскрасення. Адарацыя Хрыста ў грабніцы будзе працягвацца да вечара Вялікай суботы, калі ў архікатэдры распачнецца святая Пасхальная Вігілія — галоўная літургічная цэлебрацыя на працягу года, якую ўзначаліць арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Яе трансляцыя будзе весціся ў эфіры Першага канала Беларускага тэлебачання, а таксама на сайце Catholic.by (пачатак у 21.45).

Абноўлена 30.03.2024 07:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа