У ноч з 30 на 31 сакавіка ў Мінску прайшло штогадовае велікапоснае чуванне моладзі. Традыцыйна яно адбываецца ў архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі і збірае моладзь з розных рэгіёнаў Беларусі.
Сёлета адказным за арганізацыю чування, якое праходзіла пад назвай «Грэх знявольвае, крыж вызваляе», стаў кс. Андрэй Бурак — вікарый катэдральнага касцёла ў Мінску. Разам з моладдзю даручыць свае малітвы Езусу прыехалі таксама святары, сёстры законныя і катэхеткі.
На пачатку святой Імшы была ўсталяваная сувязь з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, які цяпер знаходзіцца на рэабілітацыі пасля аперацыі на пазваночніку.
Арцыбіскуп звярнуўся да моладзі са сваім словам і пажадаў плённа перажыць час чування. Таксама іерарх падзякаваў усім за малітву.
Святую Імшу для моладзі цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Іерарх падкрэсліў у гаміліі, наколькі важна не трываць у граху, а пры першай магчымасці выкарыстоўваць сакрамэнт пакаяння, бо «д’ябал толькі і чакае, каб мы зацягвалі з пакаяннем». Таму гэты час чування, паводле слоў біскупа, — таксама адна з магчымасцяў унутранага ачышчэння.
Крыжовы шлях
Збаўленне… Такое важнае і такое няпростае. Падчас Крыжовага шляху разважаем разам з моладдзю мінскай парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ (Кунцаўшчына).
Быць сабой, калі ніхто не разумее, нават калі будзеш адкінуты самымі блізкімі і сябрамі, магчыма, нават тымі ж хрысціянамі… Балюча, крыўдна, але раны — гэта частка крыжа, які нясеш разам з Ім. Крыжа, які збаўляе і вылечвае, які заўжды даецца не проста так.
Мы не стаім традыцыйна на каленях. «Гэта жаданне кожнага… Я папрашу вас адкласці тэлефоны і не фатаграфаваць. Паспрабуйце перажыць гэты Крыжовы шлях», — заахвочвае кс. Уладзімір Марушэўскі, хрыстусовец.
Перажываем… «Быць мужным», як Вераніка — не баяцца быць вучнем Хрыста: у кампаніі сяброў, якія вядуць амаральны лад жыцця, на працы, дзе абмяркоўваюць і асуджаюць, у грамадстве, дзе імя Бога зневажаецца, а грэх забойства старых і ненароджаных легалізуецца… Няпроста, небяспечна.
Быць мужным разам з Ім і прасіць Яго аб гэтай мужнасці. Бо толькі Бог ведае вартасць крыжа…
Крыжовы шлях праходзіць у разважанні, і ў многім у гэтай справе дапамагае тэматычнае тэатралізаванае прадстаўленне моладзі.
Свабода ў праўдзе
Зноў жа, пытанне свабоды. Што такое свабода ў сучасным грамадстве і як моладзі адносіцца да яе? Гэтыя пытанні задае падчас свайго настаўлення кс. Дзмітрый Чупрын.
«Вельмі часта свет прапануе нам сваю свабоду… Езус задае пытанне: „Ці патрэбная вам свабода? Магчыма, мы можам прадаць свабоду за цыбуліну гэтага свету… Але Богу патрэбныя не рабы, а свабодныя“, — заўважае святар і дадае, што варта таксама задацца пытаннем: кім я з’яўляюся перад Езусам Хрыстом — рабом або свабодным?
Наколькі кожны з нас можа стаць у праўдзе перад самім сабой? Ці можам мы адкрыта прызнаць свае недахопы і памылкі перад іншымі?
Задумваемся над гэтымі пытаннямі разам з кс. Паўлам Шчарбіцкім, салезіянінам, падчас рахунку сумлення.
Потым размаўляем з Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце і даручаем свае просьбы падчас Вяночка да Божай Міласэрнасці, Ружанца і Песняў жальбы.
А яшчэ… сімвалічна нясём да крыжа Езуса ўсе свае грахі і слабасці, ад якіх хочам пазбавіцца, а ў перапынку паміж пунктамі праграмы можам падзяліцца з бліжнім «кропляй дабрыні»: сімвалічнай папяровай кропляй, якую аддаем і абяцаем добры ўчынак або малітву.
Чарговае чуванне. Адно з… Можна задаць пытанне: навошта? Але ўвесь час сюды штосьці цягне…
Увогуле, калі казаць пра атмасферу, то на гэтым чуванні адчувалася прысутнасць Святога Духа. Пэўна ж, кожны перажываў і перажыў гэты час па-свойму, але такія адчуванні, безумоўна, надаюць сілы.
Унутраная цішыня, прагненне Яго прысутнасці і Слова, цудоўныя спевы і малітва: усё нібы складаецца ў адзін «пазл» і сплятаецца ў клубок.
Езус сапраўды тут, сярод нас, нават у моманты, калі губляецца ўвага, хтосьці з суседняй лаўкі раптам устае і перамяшчаецца ў іншы бок касцёла, хтосьці ўключае тэлефон і святло ад яго таксама перабівае думкі… І здаецца: ну як у такія моманты можна маліцца? Але Езус ва ўсім гэтым са сваёй сілай крыжа. Сілай, якая збаўляе не толькі падчас чування, а кожную хвіліну жыцця. І якая ў кожны момант здольная разарваць любыя кайданы.
Кожную хвіліну жыцця ёсць гэты шанец стаць свабодным і дапамагчы вызваліцца іншым. Ад граху, «які знявольвае», праз «крыж, які вызваляе».