Пошук

09.09.2024 10:20   Фота: Юлія Бражыцкая / Catholic.by

У ноч з 7 на 8 верасня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску прайшло чуванне для моладзі з нагоды пачатку новага навучальнага года. На начную малітву сабралася моладзь прыкладна з 20-і розных парафій з усіх беларускіх дыяцэзій.

Чуванне пачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз канонік Юрый Санько, пробашч парафіі на Залатой Горцы. Напачатку, звяртаючыся да евангельскага тэксту пра аздараўленне глуханямога чалавека, святар заахвоціў моладзь дазволіць Богу аздаравіць ад духоўнай глухаты і слепаты, у якую трапляе чалавек з-за грахоў.

Гамілію да прысутных прамовіў ксёндз канонік Кірыл Бардонаў.

«Сімвал Духа Святога і маладосці — агонь. У руках моладзі Дух Святы становіцца агнём тысяч слаўных мэтаў.Гэта святло, якое неабходна ўзняць над светам, згубленым у цемры. Гэта цёплы агонь, вакол якога можна пабудаваць каталіцкія сем’і і ўчыніць любоў прыгожай, чыстай і канструктыўнай», — звярнуўся, між  іншым, ксёндз Кірыл да моладзі.

Разважанне над дзеяннем Духа Святога ў жыцці чалавека было працягнута ў канферэнцыі, якую прамовіў ксёндз Уладзімір Марушэўскі SСhr з парафіі святога Яна Евангеліста ў Мінску. Ксёндз Уладзімір падзяліўся асабістым вопытам распазання дзеяння Духа Святога.

Да самай раніцы моладзь чувала ў малітве, праслаўляючы Бога сваімі спевамі.

Сабраныя юнакі і дзяўчаты з розных парафій прасілі святла Духа Святога для паспяховай вучобы і на далейшы жыццёвы шлях.

Студэнты, якія сёлета паступілі на першы курс сталічных навучальных устаноў, мелі магчымасць пазнаёміцца і пачуць інфармацыю пра душпастырства моладзі ў Мінску.

 

Абноўлена 09.09.2024 11:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця