Пошук

29.03.2019 11:11   кс. Францішак Рудзь / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

28 сакавіка ў касцёле Маці Божай Будслаўскай на Каменнай Горцы ў Мінску адкрылася выстава аўтарскіх архітэктурных праектаў культавых збудаванняў Аляксандра Базевіча.

У адкрыцці прынялі ўдзел пробашч парафіі кс. канонік Францішак Рудзь і дырэктар партала Catholic.by кс. Аляксандр Улас.

Месца для выставы было выбрана невыпадкова. Майстэрня Аляксандра Базевіча курыравала будаўніцтва першай каталіцкай святыні, збудаванай у Мінску за апошнія 100 гадоў.

З архітэктурнымі ідэямі Аляксандра Базевіча добра знаёмыя ў Беларусі і за яе межамі. Ужо 30 гадоў майстар паспяхова ўвасабляе ў жыццё свае задумы.

Сярод яго прац 10 праектаў каталіцкіх сакральных пабудоваў і 2 праваслаўных.

Скончыўшы ў 1990 г. архітэктурны факультэт Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі, Аляксандр Базевіч стаў актыўным удзельнікам праектаў аднаўлення гістарычнай спадчыны Беларусі, захаванне аблічча якой немагчымае без рэканструкцыі культавых збудаванняў. Ён не раз атрымліваў дыпломы і ўзнагароды на конкурсах рэспубліканскага ўзроўню.

Звяртаючыся да гістарычных матываў і стыляў, Аляксандр Базевіч здолеў зразумець і асэнсаваць архітэктурную традыцыю культавых збудаванняў на беларускіх землях. Яго першай працай у галіне сакральнай архітэктуры стаў праект хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя св. Яна Боско пры касцёле св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, пабудаванага ў 2001 г.

«Сёння Каталіцкі Касцёл актыўна адраджае спадчыну культавых збудаванняў. Разам з тым вядзецца актыўнае будаўніцтва святыняў у месцах, дзе не ўдалося зберагчы іх ад разбурэнняў, а таксама там, дзе з’яўляюцца новыя маладыя парафіі. У гэтым працэсе вельмі важная роля натхнёнага малітвай архітэктара, які створыць праект святыні для многіх пакаленняў вернікаў», — падкрэсліў у сваім слове, скіраваным да вернікаў, кс. Аляксандр Улас.

Нягледзячы на мноства праектаў святыняў, розных па сваім архітэктурным вырашэнні, усе працы Аляксандра Базевіча аб’яднаныя кананічным стылем. Аўтар імкнецца да строгіх, чыстых і ясных вобразаў.

Госць мерапрыемства галоўны рэдактар часопіса «Архітэктура і будаўніцтва» Валянціна Марціновіч адзначыла, што праекты культавых збудаванняў аўтара не раз станавіліся аб’ектам увагі журналістаў, вопытных архітэктараў і пачынаючых спецыялістаў. Сакрэт яго поспехаў крыецца ў велізарнай працаздольнасці, трывалай цікавасці да творчага працэсу і да жыцця.

Доктар архітэктуры прафесар Сяргей Сергачоў адзначыў, што культавыя збудаванні заўсёды былі прыкметнай часткай архітэктурнага асяроддзя. Аляксандр Базевіч у сваіх працах актыўна ўжывае практычна згубленыя за апошнія 30–40 гадоў дэталі. Хочацца верыць, што традыцыі культавай архітэктуры, арыентаванай на стварэнне не толькі святыняў, але і ўсіх збудаванняў, звязаных з духоўнасцю, будуць адраджацца у новых працах архітэктараў.

«Мне як святару асабліва прыемна ўсведамляць, што праекты Аляксандра Базевіча сталі не проста працай высокакваліфікаванага спецыяліста, — сказаў на завяршэнне адкрыцця выставы пробашч парафіі кс. Францішак Рудзь. — Яны прасякнутыя любоўю да Беларусі і яе традыцый.

Вельмі часта вернікі захапляюцца прыгажосцю храма, але не задумваюцца аб тым, хто першы ўбачыў яго ў сваіх думках і марах.

Рэалізаваўшы хрысціянскі сэнс і гармонію ў архітэктуры, асоба майстра адыходзіць на другі план. Але ў сэрцах людзей на доўгія гады застаецца памяць аб прыгажосці, якую ён стварыў. Жадаем Аляксандру Базевічу творчых поспехаў, здароўя і рэалізацый новых праектаў».

            

 

Абноўлена 29.03.2019 11:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа