Два тыдні таму рэдакцыя партала Catholic.by звярнулася да сваіх чытачоў з просьбай аб духоўнай і матэрыяльнай падтрымцы ў тых складаных умовах, у якіх цяпер апынуліся каталіцкія СМІ ў Беларусі. Многія шчодра адгукнуліся на гэтую просьбу, і на рахунак пачалі паступаць першыя ахвяраванні, неабходныя для таго, каб партал Catholic.by мог працягваць сваю працу. Многія таксама не абмінулі скарбонкі для збору ахвяраванняў на ўтрыманне партала, якія цяпер можна знайсці ў некаторых беларускіх касцёлах
Са словамі падзякі ахвярадаўцам за такую патрэбную цяпер Касцёлу ў Беларусі дапамогу ад імя ўсіх супрацоўнікаў партала Catholic.by звярнуўся яго дырэктар кс. Аляксандр Улас.
У прыватнасці, святар адзначыў:
«Сямнаццаць гадоў таму ў сеціве з’явіўся першы інфармацыйны рэсурс Каталіцкага Касцёла ў Беларусі — сайт Catholic.by. Усе гэтыя гады праект развіваўся, і сёння нас штодзённа наведваюць тысячы чалавек.
Дзякуй за кожную малітву ў нашай інтэнцыі, дзякуй за кожны пералічаны рубель, дзякуй за тое, што вы з намі. З вашай дапамогай мы працягваем працаваць для вас.
Няхай жа гэта наша супольная праца будзе на большую хвалу Бога і на карысць усім тым, хто ў гэтым свеце, поўным падману і маніпуляцыі, шукае праўды Божага Валадарства», — выказаў сваё шчырае пажаданне кс. Аляксандр.
Шаноўныя сябры, вашая дапамога нам па-ранейшаму вельмі патрэбна. Няхай міласэрны Бог шчодра вам аддзячыць за ўсё зробленае дабро!