У час рэлігійнай свабоды, калі ў Беларусі няма пераследу і ўціску Касцёла, каталіцкія СМІ могуць змоўкнуць з іншай прычыны.
Сёння некаторыя каталіцкія СМІ ў нашай краіне, у тым ліку і партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі Catholic.by, сутыкнуліся з сур’ёзнымі фінансавымі праблемамі. Недахоп сродкаў на ўтрыманне сервісаў і выплату заробкаў супрацоўнікам можа прывесці да скарачэння дзейнасці партала, а магчыма, і яе поўнага спынення.
Дапамагаць у патрэбах супольнасці Касцёла — абавязак кожнага верніка, які накладае на яго пяты касцёльны наказ. Пасільную дапамогу пакліканы аказаць кожны, асабліва ў перыяд Вялікага посту.
Падтрымаць далейшую дзейнасць партала можна з дапамогай добраахвотных ахвяраванняў, якія ўжо ў бліжэйшыя дні магчыма зрабіць у некаторых мінскіх касцёлах.
Скарбонкі для ахвяраванняў на ўтрыманне партала Catholic.by можна знайсці ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі (пл. Свабоды, 9), у касцёле св. Сымона і св. Алены (Чырвоны касцёл на плошчы Незалежнасці) і ў касцёле Маці Божай Будслаўскай (Каменная Горка, вул. Прытыцкага, 107-А).
Скарбонкі пачалі з’яўляцца таксама ў іншых святынях, прычым не толькі ў сталіцы. Просьба да шаноўных ксяндзоў пробашчаў падтрымаць гэтую важную для ўсяго Касцёла на Беларусі ініцыятыву.
Акрамя таго, з Папяльцовай серады на сайце дзейнічае модуль электроннай аплаты. Цяпер ахвяраванне можна зрабіць, не выходзячы з дома.
Дапамога ў патрэбе супольнасці Касцёла — гэта не толькі абавязак сумлення, але перадусім магчымасць зрабіць добры ўчынак, за які міласэрны Бог шчодра ўзнагародзіць кожнага ахвярадаўцу.
Падтрымка дзейнасці каталіцкіх СМІ — гэта магчымасць паглыбляць сваю веру, атрымліваць інфармацыю пра жыццё Касцёла на Беларусі і ў свеце, а таксама з дапамогай сродкаў камунікацыі несці святло Евангелля іншым людзям, якія яшчэ не сустрэлі ў сваім жыцці Хрыста.