Пошук

18.03.2019 13:30   Марына Язерская / Catholic.by
Фота: Вікторыя Косціна, globus.tut.by

Касцёл св. Мікалая, які знаходзіцца ў старажытным мястэчку Мір, з’яўляецца помнікам архітэктуры канца XV – пачатку XVI стагоддзя, пабудаваным Мікалаем Крыштафам Радзівілам (Сіроткам) па праекце італьянскага архітэктара езуіта Яна Марыі Бэрнардоні.

Фундатар пажадаў, каб касцёл быў асвячаны пад тытулам яго апекуна — святога Мікалая. Радзівілы на працягу стагоддзяў утрымлівалі каталіцкую святыню ў Міры да таго часу, пакуль мястэчка не ўвайшло ў склад бязбожнай савецкай імперыі.

Да 1942 г. тут служыў пробашч кс. Антоні Мацкевіч, які падчас Другой сусветнай вайны быў забіты нацыстамі.

Яго арыштавалі падчас св. Імшы і расстралялі ў Калдычэве. Вернікі захоўваюць памяць пра кс. Антонія Мацкевіча — у касцёле знаходзіцца памятная шыльда і партрэт святара.

Калісьці ў парафіі св. Мікалая налічвалася каля 5 тыс. парафіянаў, аднак цяпер іх зусім няшмат: каля 70 чалавек. Мясцовыя вернікі ўдзячныя Пану Богу за тое, што ў іх маленькай парафіі ёсць свой душпастыр.

На працягу апошніх дзесяці гадоў у мірскай парафіі нясе служэнне пробашч кс. Аляксандр Севасцьяновіч.

У савецкія часы ў апаганенай камуністамі святыні знаходзіўся склад раённага спажывецкага таварыства — «РАЙПО». У выніку касцёл выглядаў як хлеў. За 10 гадоў вернікамі на чале з іх пробашчам праведзена велізарная праца. Агульнымі намаганнямі, а таксама з дапамогаю людзей добрай волі ўдалося адрэстаўраваць алтар, сакрыстыю, абсталяваць клас для катэхізацыі дзяцей. Раней дзеці вучыліся ў прыватным доме.

На вуліцы каля ўваходу ўдалося пакласці плітку і падвесці ўсе камунікацыйныя сеткі, электрычнасць, ваду, ацяпленне. Праведзены рамонтныя працы ўнутры касцёла, адрамантаваныя дзверы, вокны, крыпта і многае іншае.

Паступова касцёл перамяняецца: з’яўляюцца абразы, вельмі прыгожы Крыжовы шлях.

Пры ўваходзе ў святыню можна ўбачыць аформлены стэнд, дзе адлюстравана гісторыя і сённяшняе жыццё парафіі.

Фундацыйны надпіс на сцяне плябаніі. Фота Holiday.by

Побач з касцёлам — старажытная плябанія, у сцяне якой — фундацыйны надпіс, што з’яўляецца гістарычным пацвярджэннем прыналежнасці будынка касцёлу. Аднак сёння ў ім незаконна знаходзіцца прыватнае кафэ...

Прайшло 5 гадоў з таго часу, як пачалася праца на каталіцкіх могілках, куды 70 гадоў амаль ніхто не заходзіў. Усё было ў зарасніках, помнікаў не было відаць. У гэтай цяжкай працы парафіянам дапамагаюць маладыя людзі з Мінска пад кіраўніцтвам Паўла Іваніцкага, за што мясцовыя вернікі ім вельмі ўдзячныя.

Таксама парафіяне бязмежна ўдзячныя свайму пробашчу за рэстаўрацыю касцёла і духоўнае аднаўленне іх душаў.

Католікі мястэчка Мір запрашаюць усіх гасцей, якія наведваюць славуты палацавы комплекс, абавязкова зазірнуць і ў касцёл: дзверы старажытнай святыні заўсёды адчынены.

Абноўлена 18.03.2019 13:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа