29–30 лiпеня міністранты з парафіі святога Антонiя Падуанскага з Мар’інай Горкі (Мінска-магілёўская архідыяцэзія, Барысаўскі дэканат) скіраваліся ў падарожжа ў Гродна.
У двухдзённай вандроўцы юнакі на чале са сваім пробашчам, кяндзом Генрыхам Кучынскім, які на гэты час стаў таксама іх кіроўцам, наведалі шэраг мясцін, звязаных з гісторыяй нашай Бацькаўшчыны і Касцёла на Беларусі. Канчатковай мэтай падарожжа стала знаёмства з Міждыяцэзіальнай вышэйшай духоўнай семінарыяй у Гродне.
Першым прыпынкам на шляху вандроўнікаў быў велічны замак у Міры і капліца-пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх. Адтуль міністранты і тыя, хто іх суправаджалі, скіраваліся ў старажытны Навагрудак.
На радзіме нашага славутага земляка Адама Міцкевіча яны перадусім наведалі яго дом-музей, дзе пазнаёміліся з творчасцю вялікага паэта.
Адтуль госці з Мар’інай Горкі ўзняліся на пагорак, дзе ўзвышаюцца руіны Навагрудскага замка, побач з якімі знаходзіцца фарны касцёл Перамянення Пана, дзе быў ахрышчаны Адам Міцкевіч. Міністранты даведаліся, што старадаўняя святыня, заснаваная каралём Ягайлам у XIV стагоддзі, з’яўляецца санктуарыем, дзе спачываюць рэліквіі адзінаццаці сясцёр назарэтанак, мучаніц Другой сусветнай вайны, расстраляных гітлераўцамі. Рэктар навагрудскага Фарнага касцёла ксёндз Ян Балтрукевіч правеў для ўдзельнікаў вандроўкі пазнавальную экскурсію па касцёльным музеі, у якім прадстаўлены артэфакты і дакументы, што адлюстроўаюць багатую гісторыю гэтых мясцін.
Па дарозе з Навагрудка міністранты наведалі родную парафію свайго пробашча Генрыха Кучынскага ў весцы Міжэрычы, дакрануўшыся такім чынам да вытокаў яго святарскага паклікання. Памаліўшыся пры абразе Маці Божай Міжэрыцкай, вандроўнікі рушылі далей.
Увечары міністранты прыбылі ў Гродна, дзе іх гасцінна прынялі ў сценах Міждыяэзіяльнай духоўнай семінарыі.
Экскурсію па незвычайнай навучальнай установе, у якой адбываецца фармацыя будучых святароў, правёў для гасцей з Мар’інай Горкі эканом семінарыі ксёндз Валерый Аброжка. Юнакі наведалі капліцу, вучэбныя аўдыторыі, пабывалі таксама у камп’ютарным пакоі і на спартовых пляцоўках. Магчыма, з часам хтосьці з іх вырашыць сюды вярнуцца, каб прысвяціць сваё жыццё служэнню Хрысту ў святарстве.
Міністранты ўзялі ўдзел у святой Імшы ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя. Эўхарыстыю музычна аздобіла каталіцкая моладзь горада на Нёмане. Памаліўшыся перад цудадзейным абразом Маці Божай Кангрэгацкай, апякункі студэнтаў, міністранты ў суправаджэнні вікарыя гродзенскай катэдральнай парафіі ксяндза Яўгена Амасёнка ўзняліся на вежу касцёла, да аднаго з самых старых вежавых гадзінікаў, што захаваліся і функцыянуюць на нашых землях.
Юнакі з Мар’інай Горкі таксама ўбачылі зблізу касцёльны арган і ўзялі ўдзел у сустрэчы моладзі, на якой пазнаёміліся з жыццём маладых гродзенскіх католікаў.
На наступны дзень міністранты наведалі касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, былы кляштар брыгітак, касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францішканаў, дзе калісьці працаваў святы Максімільян Марыя Кольбэ. Яны таксама пабывалі на славутым Аўгустоўскім канале, які злучае водныя басейны Балтыйскага і Чорнага мора.
Дзелячыся ўражаннямі, ўдзельнікі падарожжа адзначалі, што яно было вельмі цікавым і насычаным. У Год гістарычнай памяці міністранты на ўласныя вочы ўбачылі шмат гістарычных мясцін, дакрануўшыся такім чынам да жывой гісторыі нашай Бацькўшчыны і Касцёла на нашых землях.