У час успаміну памерлых адбываюцца малітвы аб супакоі душаў блізкіх спачылых, ушанаванне іх памяці. У гэтыя дні варта ўзгадаць аб тым, што мы нясём адказнасць не толькі за сябе, але і за памяць продкаў, за захаванне гісторыі і пашану да тых, хто жыў тут да нас, хто ствараў і складаў нашую гісторыю.
Пасля летняй хвалі навінаў аб разбурэнні гістарычнага ландшафту Вайсковых могілак у Мінску, навалы таблічак аб дэмантажы, якія плямінамі апанавалі і мінскую Кальварыю, хочацца ўзгадаць станоўчыя прыклады працы са старымі некропалямі. Тое, як бывае, калі нават могілкі ў пэўным сэнсе «адраджаюцца».
Яскравым прыкладам гуманнага стаўлення да гістарычнай памяці і паразумення між парафіянамі, грамадскімі арганізацыямі і мясцовай уладай можна назваць г.п. Мір Карэліцкага раёна, дзе стары каталіцкі некропаль пасля паўстагоддзя занядбання ўрэшце перажывае часы адраджэння і пераасэнсавання.
Старыя каталіцкія могілкі месцяцца недалёка ад касцёла святога Мікалая на ўскрайку мястэчка. Пры пракладцы алеі ільнозавода ў сярэдзіне ХХ ст. шмат помнікаў былі скінутыя са свайго месца, перасунутыя ў бок, шэраг помнікаў былі выкарыстаныя як будаўнічы матэрыял для таго ж самага завода.
Шмат помнікаў ужо да 70-х гадоў ХХ стагоддзя было разбурана, павалена, а да пачатку ХХІ ст. парасло дзёранам і хмызняком і ўтварала амаль непралазны лес.
З ліпеня 2014 года валанцёрамі МГА «Гісторыка» сумесна з парафіяй Святога Мікалая ў Міры былі распачатыя працы па аднаўленні некропаля. Былі вырваны хмызнякі, скарчаваны дзікі параснік клёнікаў, прыбраны высахлыя і паламаныя дрэвы. Затым былі адшуканы і расшчышчаны засыпаныя зямлёю і парослыя дзёранам надмагільныя пліты. Трэцім крокам стала кансервацыя помнікаў. Значная колькасць абеліскаў была павалена, скінута з пастаментаў, некаторыя раскрышыліся. Больш за сотню помнікаў нанава паставілі і замацавалі, часткова былі рэканструяваныя адсутныя часткі (кавалак пастаменту, сколы на рэбрах абеліскаў і г.д.).
Заключным акордам працэсу была інвентарызацыя, якая адбылася ўлетку 2018 года. Каманда валанцёраў і спецыялістаў з Польшчы і Беларусі ўласнаручна апісалі, зафіксавалі і абмералі 658 пахаванняў. Складзена мапа старой часткі, якая сёння дазваляе кожнаму ахвотнаму на свае вочы дакрануцца да натуральнай гісторыі мястэчка Мір, а камусьці і адшукаць сваіх продкаў.
Акрамя таго, быў распрацаваны праект аднаўлення могілак, які паэтапна разлічвае перспектывы і магчымасці развіцця некропаля як сапраўднай адметнай турыстычнай кропкі Міра. Праектам прадугледжваецца захаванне існай структуры, акцэнтуалізацыя цікавых пунктаў, якія ўтвараюць маршрут па некропалі, а таксама перспектыўныя месцы стаянак аўтамабіляў, аўтобусаў і г.д., каб гэта было зручна, цікава, сучасна, але ў першую чаргу адлюстроўвала павагу да культурнай спадчыны і гістарычнай памяці.
Сёлета ва ўспамін усіх памерлых вернікаў на могілках адбылася святая Імша. Пробашч і парафіяне, якія разам з аматарамі гісторыі адраджалі гэты некропаль амаль пяць гадоў, памаліліся аб супакоі душаў спачылых.
Асноўнымі кропкамі маршруту сталі помнік першаму і апошняму ў ХХ стагоддзі пробашчу парафіі Святога Мікалая, змардаванаму ксяндзу Антонію Мацкевічу (памёр у 1942 г.), і яго сястры, мемарыяльная кампазіцыя з помнікаў з белага мармуру ўдзельнікам паўстання 1863 г., выгнанцам Дамініку Крыжаноўскаму і ксяндзу Андрэю Крыжаноўскаму, раней памерламу Дамініку Крыжаноўскаму (1860 г.), Хенрыку Блюму (памёр у 1862 годзе), помнік маладой дзяўчыне, якая, па мясцовай легендзе, была вельмі прыгожай, але раптоўна, так і не паспеўшы спазнаць жаночага шчасця, пакінула гэты свет. На жаль, і пасля смерці не было спакою дзяўчыне… У ХХ стагоддзі склеп быў разрабаваны, надмагілле звалена, але сёлета адноўлена, і над магілаю дзяўчыны зноў узняўся крыж, як сімвал Божай любові над усімі намі, жывымі і памерлымі, як сімвал вечнага жыцця і любові, якую ніхто не скрадзе і не зможа адабраць у Божых дзяцей.
Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, сэрцы прысутных былі напоўненыя Божай любоўю і прагненнем Пана, які дае мудрасць і разуменне, што любоў да Яго і пашана да сваіх продкаў, сваёй гісторыі дае магчымасць жыць і верыць у добрую будучыню.