Пошук

Фота: Паліна Маісеева, Jan.by

Удзельнікі моладзевай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая 7 сакавіка прайшла ў сталічнай парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ, дзеляцца сваімі ўражаннямі.


Аляксандр Нікіценка, студэнт першага курса духоўнай семінарыі:

— Увогуле, уражанні ад адарацыі вельмі добрыя. Быў цікавы момант, калі на картках мы маглі напісаць з аднаго боку тое, што мне перашкаджае ў кантакце з Богам, што на дае сканцэнтравацца на пазнанні Яго, а з іншага боку тое, чаго б хацелася дасягнуць, змяніць у сваім жыцці і, напісаўшы, сімвалічна і духоўна аддаць гэта Богу. Спевы і словы дапамагалі ўвайсці ў адпаведны стан малітвы. Асабіста мне не хапіла трошкі цішыні дзеля асабістай размовы з Богам.


Аня Паўлюкова, архікатэдральная парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі:

— На адарацыі я ўбачыла іншы касцёл: ён быў зусім маленькі, але такі ўтульны. Гэты касцёл даў магчымасць адчуць сябе ў невялічкай сям’і, сярод якой так добра адчувалася прысутнасць Бога. У той цішыні я сапраўды пачула голас Бога, пачула менавіта тыя словы, якія так былі патрэбны. Мне вельмі спадабалася.


Мар’яна Цаўлоўская, архікатэдральная парафія Імя Найсвяцейшай Панны Марыі:

— Можа, з маёй думкай хтосьці і не згодзіцца, але я лічу, што такая малітва лепшая за чуванне нават (гэта для мяне): ціха, можна пабыць сам-насам з Богам, падумаць. На чуванні я хутка стамляюся і часам не магу ні аб чым думаць, толькі б трошачкі паспаць. А тут я засяроджана на малітве, на Богу, нішто не перашкаджае і не адцягвае ўвагу. І фармат такі падабаецца: адчуваю глыбіню.


Ася Паплаўская, парафія Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы:

— Адарацыя падчас Вялікага посту — гэта магчымасць пачуць Бога, які прамаўляе падчас малітвы. Мы ўсе робім пастановы. Але важна пачуць, што ЁН хоча ад нас, а не што мы гатовыя ахвяраваць дзеля Яго. Часта гэтыя рэчы не супадаюць… Падзяка і перапрашэнне, якія адбываліся падчас адарацыі, дапамагаюць адкрыць сэрцы для Езуса. А супольныя спевы яднаюць і ўмацоўваюць малітву. Дзякую Богу за тое, што даў магчымасць пабыць з Ім сам-насам! Гэта — лепшы падарунак на пачатак вясны.


Аліна Мартынава, парафія Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы:

— Распачаўся Вялiкi пост. Для мяне гэта перыяд, калi я магу змянiць сваё жыцце дзеля Бога, каб настроiцца на святкаванне Пасхальнай таямніцы. I я лiчу, што гэтая адарацыя была першым крокам да зменаў у жыццi кожнага, хто быў там, бо праз словы святара мы зразумелi, як трэба паглядзець на сваё жыццё, каб заўважыць, што патрэбна змянiць; заўважыць тое, чаго зашмат, а чаго не хапае. Стоячы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, адкрыўшы сэрцы, мы змаглi выказаць удзячнасць Хрысту за наша жыцце, папрасiць прабачэння i папрасiць аб патрэбных ласках. Я лiчу, што гэтая адарацыя наблiзiла нас да Бога i дапамагла яшчэ больш адчуць Яго прысутнасць у нашым жыццi.


Дар’я Купцова, парафія св. Яна Хрысціцеля (Мінск, Серабранка):

— Гэтыя дзве гадзіны разам з Езусам былі добрым пачаткам Вялікага посту. Патрэбна было пасля Папяльцовай серады засяродзіцца і падумаць: за што хачу падзякаваць Пану Богу, за што перапрасіць і якіх ласкаў папрасіць на гэты час. Сапраўды, распачалася «вясна душы».


Паліна Ручан, удзельніца душпастырства моладзі Хрыста «Адзіныя сэрцам», парафія св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ:

— Для меня час адарацыі праляцеў вельмі хутка. Шчыра кажучы, на пачатку мяне непакоіла думка, што будзе зашмат людзей і з-за гэтага мой дыялог з Богам не будзе плённы. Але я памылялася. Я зразумела гэта, калі ўбачыла шчырую ўсмешку на твары кс. Уладзіміра, які на пачатку нашай сустрэчы праводзіў вельмі цікавую канферэнцыю. Мне стала вельмі радасна, што менавіта ў нашай капліцы так шмат моладзі сабралося з мэтай праслаўляць Бога.

Для мяне кульмінацыяй сустрэчы стала благаслаўленне: пасля таго, як кожны казаў сваё імя і інтэнцыю, было цяжка не адчуваць сябе сапраўдным дзіцем Божым...

Вельмі прыемна было бачыць на сустрэчы семінарыстаў, а таксама шматлікіх святароў і законніц. Амаль кожнага з іх мы ўжо ведаем у твар, а гэта значыць, што наша супольнасць мінскай моладзі становіцца сапраўднай сям’ёй. Але мы не збіраемся спыняцца. Мне б хацелася, каб да нас яшчэ далучаліся хлопцы і дзяўчаты, а магчыма, і новыя парафіі.

Фотарэпартаж з адарацыі ТУТ>>>

Абноўлена 18.05.2020 13:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.