Пошук

10.03.2019 20:14   Паводле: Наталля Урбановіч, JAN.BY / Фота: Паліна Маісеева / Catholic.by

7 сакавіка моладзь Мінска сабралася на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ, каб разам распачаць перыяд Вялікага посту.

Як паведамляе Jan.by, мэта сустрэчы была ў тым, каб дапамагчы маладым людзям добра выбраць пастановы на гэты перыяд і яшчэ раз затрымацца на хвіліну цішыні з Езусам. Разважанні і малітвы былі прысвечаны тэме «Вялікі пост — вясна душы».

Адарацыя пачалася з уступнай канферэнцыі ксяндза Уладзіміра Марушэўскага, якая павінна была падрыхтаваць да разважання і дапамагчы зрабіць правільны выбар на гэты час. «Я паклаў перад вамі жыццё і смерць, благаслаўленне і пракляцце. Таму выберы жыццё, каб жыў ты і патомства тваё» (Дрг 30, 19–20), — над гэтымі словамі са Святога Пісання разважалі ўдзельнікі.

Малітва перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам складалася з некалькіх частак: падзяка, перапрашэнне і просьба.

Маладыя людзі мелі магчымасць таксама выказаць кожны сваю інтэнцыю і разам за яе памаліцца.

Падчас адарацыі кожны запісаў на картцы свае пастановы на перыяд Вялікага посту і потым пакінуў яе перад манстранцыяй.

Кульмінацыйным быў момант, калі кожны ўдзельнік асабіста атрымаў благаcлаўленне ад святароў і прыняў урывак падрыхтаванага для яго Божага слова.

Пасля адарацыі прыемным сюрпрызам для дзяўчат сталі віншаванні ад хлопцаў з надыходзячым святам жанчын. Кожная дзяўчына і законная сястра атрымалі па кветцы.

Сустрэча моладзі Мінска адбылася ў другі раз. Ідэю такіх сустрэч ахвотна падтрымалі душпастыры і моладзь розных парафій, і таму яны паступова становяцца добрым звычаем. Удзельнікі моладзевай адарацыі падзяліліся сваімі ўражаннямі ад гэтай супольнай малітвы.

Абноўлена 11.03.2019 15:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.