11 сакавіка семінарыйная супольнасць у Гродне з нагоды нядаўняга Міжнароднага жаночага дня сабралася на супольнай Эўхарыстыі, каб маліцца за жанчын, якія сваёй адданай працай у сценах семінарыі на працягу многіх гадоў далучаюцца да важнай справы фармавання асобы святара.
Цэлебрацыю св. Імшы з гэтай нагоды ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі.
Падчас літургіі іерарх выказаў шчырыя словы падзякі як тым жанчынам, якія працуюць у семінарыі, так і ўсім маці, сёстрам і бабулям семінарыстаў і іх духоўных фарматараў.
Рэктар семінарыі кс. Віталь Вайцяхоўскі напрыканцы Эўхарыстыі таксама павіншаваў жанчын і пажадаў ім самага галоўнага — быць святымі.
Пасля св. Імшы ўсе сабраліся за святочным сталом, а семінарысты падрыхтавалі музычны падарунак для супрацоўніц семінарыі. Студэнты заспявалі песню «Пра рушнікі», якую пераклаў на беларускую мову былы рэктар семінарыі, а сёння дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Супольнасць Міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі ў Гродне віншуе ўсіх жанчын і жадае ім няспынна ўзрастаць у імкненні наследаваць Найсвяцейшую Панну Марыю ў веры і ахвярнасці Пану, штораз больш усведамляць бясцэннасць свайго жыццёвага паклікання і заўсёды заставацца сімвалам прыгажосці і пяшчоты.