2 сакавіка ў касцёле Маці Божай Будслаўскай у Мінску адбылася сустрэча з каталіцкім псіхатэрапеўтам с. Паўлай Бобер MSF на тэму «Унутраная свабода».
Семінар урачыста распачаўся святой Імшой, якую ўзначаліў пробашч парафіі кс. Францішак Рудзь. Імшу канцэлебравалі дырэктар «Радыё Марыя» і афіцыйнага рыма-каталіцкага партала Catholic.by кс. Аляксандр Улас, духоўны айцец І курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і Пінску кс. Алег Пятрашка, куратар І курса семінарыі кс. Павел Эйсмант. Таксама ў ёй удзельнічалі семінарысты.
Гамілію аб тым, хто можа быць насамрэч свабодным, прамовіў кс. Алег Пятрашка.
Семінар на тэму ўнутранай свабоды быў непарыўна звязаны з пытаннем усведамлення чалавечага быцця.
«Я знаходжуся тут і цяпер; Дух Святы, прашу Цябе, забяры ўсё тое, што турбуе мяне цяпер, каб гэты дзень я мог правесці з Табою і з сабою. Толькі я і Ты», — аб гэтым прасілі ўдзельнікі семінару на самым пачатку. Усведамленне быцця тут і цяпер стала першым практычным заданнем на шляху да свабоды: «Я ёсць і Ты, Божа, ёсць — і гэта вельмі добра».
На пачатку першай часткі лекцыі сястра прапанавала слухачам пытанне: «Мы захапляемся Сусветам, прыродаю, магчыма, немаўлём, але вось яно пачынае падрастаць і перастае апраўдваць нашыя чаканні і надзеі. Настае расчараванне. Але менавіта чалавек з'яўляецца вяршыняй Божага тварэння. Чаму мы не ўмеем захапляцца сабою і іншым чалавекам?»
Па словах сястры Паўлы, у большасці гэта звязана з тым, што мы не можам да канца прыняць той факт, што мы стварэнні, слабыя і абмежаваныя. «Чалавек створаны — створаны, — звярнула ўвагу сястра, цытуючы св. Ігнацыя Лаёлу, — каб славіць Пана Бога нашага». «Слава Божая — жывы чалавек», — працытавала яна псальміста. Хто ж такі гэты жывы чалавек, удзельнікі разбіраліся разам.
Сястра Паўла прапанавала тры аспекты, у якіх «жывы чалавек» праяўляецца:
1. Усведамленне сябе: чаго я хачу? Пра што я думаю? Якое маё меркаванне? Важна задаваць сабе гэтыя пытанні і шукаць на іх адказы.
2. «Жывы чалавек» — чалавек гарманічны, аўтэнтычны, той, хто прымае сябе. Як гэта зрабіць? Назіраць за сваімі рэакцыямі, паводзінамі, пытацца ў сябе: чаму я зрабіў так? Чаму ў адных сітуацыях я такі, а ў іншых паводжу сябе інакш? Прыняць сябе — гэта значыць убачыць тыя дары, якімі адарыў нас Бог, і адначасова называць свае недасканаласці, каб ведаць, над чым можна працаваць. Прыняць сябе — значыць дзякаваць Богу за ўсё добрае, што ёсць у нас, і развіваць дадзеныя нам таленты.
3. Жывыя адносіны з Богам. Тут сястра Паўла разважала пра малітву, у якой хрысціянін часам настолькі моцна засяроджаны на мэце, на просьбе, што можа не заўважыць, калі Бог прыходзіць да яго. Па рэакцыі аўдыторыі адчувалася, што многія былі здзіўленыя, калі сястра адзначыла, што часам трэба проста сказаць: «Божа, аддаю Табе мае клопаты», — і гэта будзе больш шчырая і праўдзівая малітва, чым бясконцыя пацеры, вымаўленыя несвядома.
Пасля кава-паўзы ўдзельнікі разышліся па групах для абмеркавання. Абмяркоўвалі яны тры пытанні, пачынаючы з апошняга, трэцяга: «Як я разумею стан унутранай свабоды? Калі апошні раз я адчувала яго?»
Потым удзельнікі, слухаючы адзін аднаго, адказвалі на наступныя пытанні:
1. Якая асноўная мэта майго жыцця?
2. На што я разменьваюся на шляху да дасягнення гэтай мэты?
Пасля падвядзення вынікаў працы ў групах сястра Паўла прапанавала паразважаць над тым, што перашкаджае дасягнуць свабоды.
Яна назвала тры галоўныя рэчаіснасці, якія нас знявольваюць: грэх, залежнасць і сузалежнасць. Таксама было закранута пытанне прабачэння, пра што ў сястры Паўлы ёсць цыкл лекцый на сайце sestrapavla.ru.
«”Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас” (Ян 8, 31-32). Воля Божая — гэта і ёсць нашая свабода», — дадала сястра Паўла ў пэўны момант.
Удзельнікі семінару спадзяюцца, што іх гэты суботні дзень, праведзены з Богам і з самім сабою, будзе плённым і стане чарговым крокам на шляху да свабоды і жыцця ў паўнаце, падрыхтаванага для кожнага з нас Хрыстом.
Аўдыёзапісы лекцый с. Паўлай Бобер MSF: