Пошук

28.02.2019 09:45   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / grodnensis.by / Catholic.by

25 лютага ў гродзенскім Доме сувязі адкрыўся музей пошты, які благаславілі адразу два святары — каталіцкі і праваслаўны.

Як паведаміў партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, з боку Касцёла благаслаўленне здзейсніў кс. канонік Антоні Грэмза, віцэ-канцлер курыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Варта адзначыць, што музей пошты размясціўся ў былой зале для тэлефонных перамоваў, дзе ў мінулыя гады (асабліва ў чацвер пасля абеду — падчас «выхаду на горад») можна было часта сустрэць студэнтаў Гродзенскай семінарыі, якая знаходзіцца непадалёк.

Экспанаты для пастаяннай выставы супрацоўнікі мясцовай пошты збіралі на працягу некалькіх гадоў. У экспазіцыі прадстаўлена больш за 300 звязаных з поштай артэфактаў. Многія з іх з’яўляюцца не проста рэдкімі, а адзінкавымі для Беларусі.

На выставе можна ўбачыць стол паштальёна, лісты і паштоўкі, паштовыя штэмпелі і ўніформу паштальёнаў розных часоў.

Сярод асаблівых экспанатаў — апарат для продажу канвертаў і паштовак 1970 года і разнастайныя паштовыя скрыні.

Абноўлена 28.02.2019 09:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.