Пошук

27.02.2019 12:30   Тэкст і фота: Іаланта Валуевіч / Catholic.by

24 лютага, у дзень нараджэння кс. Канстанціна Стаповіча (Казіміра Сваяка), у Камаях (Пастаўскі дэканат, Віцебская дыяцэзія), дзе святар распачынаў сваё служэнне, ушанавалі яго памяць.

Мясцовыя вернікі рупліва захоўваюць памяць пра кс. Канстанціна Стаповіча — паэта, філосафа, мысляра і асветніка Казіміра Сваяка, — які адразу пасля заканчэння семінарыі ў 1915 г. быў скіраваны на служэнне ў камайскую парафію.

Ужо ў 14-ы раз у дзень нараджэння святара-паэта касцёл у Камаях сабраў вернікаў з суседніх парафій, творчых людзей, святароў, землякоў, якія разам ушанавалі памяць Казіміра Сваяка.

Да арганізацыі вечарыны памяці прычыніліся перадусім пробашч парафіі ў Камаях кс. Яцэк Хутман і кс. Анатоль Захарэўскі, пробашч парафіі ў Клюшчанах, дзе таксама служыў кс. Стаповіч.

Нямала таленавітых людзей нарадзілася на Камайшчыне. Сярод іншых асабліва варта ўзгадаць мастака Альфрэда Ізыдара Ромер, прафесара і арганіста Браніслава Руткоўскага, яшчэ аднаго прафесара музыкі Станіслава Казуру.

І сёння гэтая зямля не збяднела на таленты. Цяпер тут жыве Генавэфа Дубіловіч, якая ўжо шмат гадоў дапамагае кс. Яцку арганізоўваць сваякоўскія сустрэчы, выступае з цікавымі паведамленнямі пра святара-паэта і напісала ў яго гонар верш:

Пісаў для свайго народа,
Хацеў, каб былі сваякамі.
Хай прыйдзе да ўсіх свабода,
Што недзе гублялась вякамі.

Настаўніца роднай мовы і літаратуры Яна Лашук не так даўно прыехала ў Камаі і адразу ж актыўна ўключылася ў пачэсную справу адраджэння і захавання гісторыі краю. Сёлета менавіта яна распачала свята выступам, у якім казала пра Казіміра Сваяка, а таксама пра духоўнасць, мову і нацыянальную ідэю беларусаў.

«У Богу, у адным толькі Богу ўся хвала мая, усё жыццё маё, уся надзея мая, шчасце маё, супакой сэрца майго — у часе і ў дзень вечнасці…», — казаў калісьці кс. Канстанцін Стаповіч, і гэтыя ягоныя словы актуальныя для вернікаў і сёння, і заўсёды.

З года на год таленавітая арганістка камайскага касцёла Алена Даўжук упрыгожвае свята сваім спевам. Прысвечаная Казіміру Сваяку песня «Вёсачка Барані за барамі», напісаная на словы сына астравецкай зямлі Станіслава Валадзько, ужо стала гімнам гэтых сустрэч. Кожны раз, калі чуеш пранікнёныя, поўныя любові да роднай зямелькі словы, душа ўзмывае ў паднябессе і лунае недзе над тымі барамі і засыпанай снегам вёсачкай, дзе нарадзіўся некалі Кастусь Стаповіч.

Сам аўтар словаў, які жыве ў латвійскім Даўгаўпілсе, на свята прыехаць не змог, але прывітанне ад яго прывезлі ў Камаі госці — Яніна Юзэфовіч, кіраўнік ансамбля «Спадчына», а таксама Галіна Мацулевіч і іншыя сябры згуртавання беларусаў Даўгаўпілса «Уздым», якіх прывёз сын Станіслава Валадзько Алег.

Землякі з Латвіі зачаравалі ўсіх удзельнікаў прыгожымі спевамі, прастатой і сардэчнасцю, сваёю любоўю да беларускай мовы і роднай зямлі.

Яны чыталі вершы Станіслава Валадзько, спявалі песні на яго словы і ўлілі свой новы, жывы, яркі струмень у агульную плынь сустрэчы.

Упершыню ўдзел у імпрэзе ўзяў паэт-бард з Мінска Валерый Пазнякевіч. Добра вядомы і любімы на Астравеччыне, у Камаях ён быў упершыню. Затаіўшы дыханне слухалі госці вершы паэта, а калі ён чытаў баладу «Святар», многія не маглі стрымаць слёз…

Цёпла прымалі ўдзельнікі і даўняга сябра сваякоўскіх сустрэч Людмілу Кухарэвіч з Астраўца. Яна чытала свае вершы, спявала песні і рамансы, у тым ліку і «Не чаруй» на словы Казіміра Сваяка. Па просьбе прысутных яна выканала ўпадабаную ўсімі песню ўласнага сачынення «Мая маленькая Радзіма», якую ўсе дружна падхапілі.

Прысутнічала на свяце і Галіна Паўлава з Мінска, стрыечная сястра паэта Станіслава Валадзько і ўнучка Юзафа Лаўрыновіча — «дзеда Юзука», — якога ўзгадвае паэт у сваім вершы «Хаўрус сваякоў». Сталічная госця пранікнёна і з гонарам за продкаў прачытала гэты верш.

На заканчэнне ўдзельнікі свята навучыліся новай песні на словы Івана Драўніцкага, прысвечанай Казіміру Сваяку, музыку да якой напісала Алена Даўжук.

Светлая мелодыя і сардэчныя словы ўсім прыйшліся да спадобы, таму ўсе дружна спявалі яе некалькі разоў:

На роднай мове магутнаму Богу
Вучыў маліцца, у неба дарогу
Вернікаў клікаў смела асвоіць
Паэт беларускі Кастусь Стаповіч.

Абноўлена 27.02.2019 12:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця