Пошук

06.02.2018 15:16   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

128-я ўгодкі з дня нараджэння ксяндза Канстанціна Стаповіча, грамадска-рэлігійнага дзеяча і паэта, што пісаў пад псеўданімам Казімір Сваяк, адзначылі 4 лютага ў касцёла святога Яна Хрысціцеля ў Камаях.

Менавіта Камаі былі першым месцам святарскага служэння ксяндза Стаповіча.

З нагоды свята ў Камаі прыехалі шматлікія прыхільнікі творчасці знанага святара і паэта з Мінска, Віцебска, Астраўца, Глыбокага. Эўхарыстыю ўзначаліў ксёндз Анатоль Захарэўскі, пробашч парафіі ў Клюшчанах — роднай парафіі ксяндза Стаповіча, дзе яму быў удзелены сакрамэнт хросту, дзе ён цэлебраваў прыміцыйную Імшу і дзе служыў пэўны час. Дзякуючы асобе ксяндза Стаповіча камайская і клюшчанская парафіі сталі свайго роду парафіямі-пабрацімамі.

Сярод песняў, што выконваліся падчас Імшы, прагучаў спеў на словы паэта з Даўгаўпілса Станіслава Валодзькі «Вёсачка Барані за барамі», дзе ёсць такія радкі:

Моў прыгожых ёсць на свеце многа
Ды найпрыгажэйшая свая.
Як на беларускай мове з Богам
Годна размаўляў святар Сваяк

Напрыканцы Імшы кс. Анатоль Захарэўскі распавёў пра лёс клюшчанскай парафіі ў апошні час. 6 чэрвеня мінулага года ў парафіі здарылася трагедыя — драўляны касцёл, цесна звязаны з лёсам ксяндза Стаповіча, згарэў дашчэнту, нягледзячы на ўсе спробы яго ратавання. Нешматлікая парафія не мае магчымасці сабраць грошы на новую святыню. Цяпер асірацелая парафія збіраецца на службы ў плябаніі. Пад капліцу зараз перабудоўваецца старая плябанія.

Распавядаючы пра падрабязнасці той раніцы, калі гарэў касцёл, кс. Анатоль Захарэўскі расказаў кранальную гісторыю пра бусла, які звіў гняздо на коміне старой плябаніі, што знаходзілася касля касцёла. Ад моцнага агню пажару скруціліся нават лісты на дрэвах, што раслі каля касцёла, але бусел не пакідаў свае гняздо, ахінаючы крыламі птушанят.

Пасля Імшы музычную праграму ў мясцовым клубе прадставіў гурт «Балцкі субстрат». Частка рэпертуару гэтага гурта — песні на словы і музыку братоў Стаповічаў — ксяндза Канстанціна і кампазітара Альбіна. Гурт «Балцкі субстрат» неаднаразова выступаў на імпрэзах у гонар ксяндза Стаповіча.

Гэтым разам у Камаях лідар гурта Максім Іўкін упершыню выканаў песню, прысвечаную асобе святога Язафата Кунцэвіча, аднаго з нябесных апекуноў Віцебскай дыяцэзіі. Падчас канцэрту прадстаўнікі гурта правялі віктарыну на тэму жыцця і творчасці ксяндза Стаповіча.

Святкаванне працягнулася на плябаніі, дзе прыхільнікаў творчасці Казіміра Сваяка ў чарговы раз сабраў пробашч камайскай парафіі ксёндз Яцэк Гутман. Прагучалі новыя вершы, прысвечаныя ксяндзу Стаповічу, дасланыя паэтам Віктарам Шніпам і Станіславам Валодзькам. Дарэчы, ягоная крэўная распавяла, што дзед Станіслава Валодзькі Юзук у свой час належаў да «Хаўрусу сваякоў», арганізацыі, створанай у клюшчанскай парафіі ксяндзом Стаповічам.

Перафразуючы адно з выказванняў Уладзіміра Караткевіча, «парафіяй адчыненых дзвярэй і душаў» назвала Камаі адна з пастаянных удзельніц імпрэзаў у гонар Казіміра Сваяка ў парафіі Генавэфа Дубіловіч. Яна распавяла, што сустрэчы ў гонар святара і паэта ў камайскай парафіі праводзяцца з 2006 г. Менавіта тады было вырашана, што прыхільнікі яго творчасці будуць сустракацца двойчы на год: на дзень нараджэння ксяндза Стаповіча ў лютым — у Камаях, у дзень смерці ў маі — у Клюшчанах.

У чарговы раз прыхільнікі творчасці Казіміра Сваяка сустрэнуцца ў парафіі ў Клюшчанах 6 мая.

Абноўлена 06.02.2018 16:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа