Пошук

21.02.2019 13:01   Catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы — добрая нагода, каб падвесці некаторыя вынікі і задумацца над перспектывамі развіцця роднай мовы ў жыцці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

На Другім Ватыканскім Саборы (1962—1965 гг.) шмат увагі было прысвечана інкультурацыі — выкананню місіі Касцёла з павагай да кожнай культуры, якая становіцца сродкам абвяшчэння Евангелля для таго ці іншага народа.

З улікам гэтага таксама Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў паслясаборны перыяд актыўна і паслядоўна імкнецца выконваць пастановы Сабору і шырока выкарыстоўвае беларускую мову як у евангелізацыі, так і ў літургічным жыцці.

Акрамя ўжо перакладзеных раней на беларускую мову асноўных літургічных кніг: Рымскага Імшала, Літургіі гадзінаў, літургічных абрадаў шэрагу сакрамэнтаў, Касцёл на Беларусі не перастае рупліва працаваць у гэтым кірунку.

З найбольш значных дасягненняў у галіне выкарыстання роднай мовы ў евангелізацыі за апошні час перадусім варта ўзгадаць з’яўленне першага поўнага афіцыйнага рыма-каталіцкага выдання Новага Запавету на беларускай мове, якое было прэзентавана напрыканцы 2017 г.

Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі за пераклад з арыгінальных моваў і выданне кніг Новага Запавету на беларускай мове была прысуджана прэмія «За духоўнае адраджэнне» па выніках мінулага года.

У нашай краіне на роднай мове змяшчаецца абсалютная большасць публікацый у касцёльных электронных сродках інфармацыі, па-беларуску выходзіць друкаваная каталіцкая прэса і вяшчае адзіная ў Беларусі рэлігійная радыёстанцыя «Радыё Марыя». На беларускай мове вядзецца выкладанне ў каталіцкіх навучальных установах: у духоўных семінарыях, а таксама ў тэалагічным і катэхетычных каледжах.

Нягледзячы на такія заўважныя дасягненні, выкарыстанне роднай мовы ў Касцёле ў Беларусі сустракаеццца і з пэўнымі цяжкасцямі, на пераадоленне якіх неабходна звярнуць увагу ў перспектыве. Сярод іх — недастаткова распрацаваная рэлігійная тэрміналогія і недахоп адпаведна падрыхтаваных спецыялістаў у гэтай важнай сферы.

Акрамя таго, яшчэ не паўсюль на тэрыторыі нашай краіны выкарыстанне роднай мовы адпавядае рэальным евангелізацыйным і душпастырскім патрэбам.

Тым не менш, сярод усіх іншых хрысціянскіх канфесій, прадстаўленых у Беларусі, мясцовы Каталіцкі Касцёл знаходзіцца ў лідарах па выкарыстанні роднай мовы ў евангелізацыі і ў літургіі. Пастырскі клопат пра дабро душаў беларускіх вернікаў патрабуе не спыняцца на дасягнутым і працягваць пашыраць выкарыстанне беларускай мовы ў абвяшчэнні Божага слова.

Пытанне развіцця роднай мовы ў жыцці Касцёла — гэта не толькі і не столькі пытанне культуры, колькі пытанне збаўлення, якое Бог жадае даць кожнаму чалавеку, незалежна ад яго паходжання.

Абноўлена 21.02.2019 17:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа