Пошук

22.02.2018 15:51   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

21 лютага, у дзень роднай мовы, які штогод праводзіцца па ініцыятыве ЮНЕСКА, у Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя на тэму «Беларуская мова ў сферы sacrum: гісторыя і сучаснасць», у якой узялі ўдзел прадстаўнікі Касцёла.

Ад імя старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, Рыма-Каталіцкі Касцёл на навуковым форуме прадставілі старшыня Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ кс. канонік Ян Крэміс, доктар тэалогіі, і супрацоўніца названай Секцыі доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук. Грэка-Каталіцкую Царкву па даручэнні Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі амафорнага архімандрыта Сяргея Гаека МІС прадставілі канцлер курыі Апостальскага візітатара а. Яўген Усошын і а. Андрэй Крот, магістр тэалогіі, дактарант Экуменічнага інстытута Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта.

   

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся член-карэспандэнт, акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання Алена Анісім, першы намеснік па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Лукашанец, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў і прадстаўнікі духавенства.

Вітаючы арганізатараў і ўдзельнікаў канферэнцыі, кс. Ян Крэміс, між іншым, адзначыў:

«Касцёл у нашай краіне адкрыты для канструктыўнага дыялогу і супрацоўніцтва ў справе пашырэння выкарыстання роднай мовы ў нашым грамадстве. <…> Словы Хрыста: „Каб усе былі адно“ з Евангелля паводле Яна не азначаюць нейкай уніфікацыі, але заклікаюць да адзінства ў разнастайнасці на карысць супольнай справы».

Прадстаўнік Касцёла ад імя арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча перадаў у дар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі экземпляр афіцыйнага рыма-каталіцкага перакладу Новага Запавету на беларускую мову, выдадзены ў мінулым годзе — годзе юбілею Скарынаўскай Бібліі.

На пленарным пасяджэнні было прадстаўлена дзевяць дакладаў.

Супрацоўніца Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ Марына Пашук у сваім дакладзе засяродзілася на дзвюх асноўных традыцыях перакладаў біблійных тэкстаў на беларускую мову, звязаных з двума асноўнымі канфесійнымі асяроддзямі ў нашай краіне: праваслаўным і каталіцкім.

Загадчык кафедры мовазнаўства Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук, габілітаваны доктар, прафесар Эва Галяхоўска асвятліла пытанне рэлігійнай мовы ў сацыялінгвістычнай перспектыве. У кулуарах канферэнцыі прафесар Галяхоўска дала высокую ацэнку поспехам Каталіцкага Касцёла ў галіне перакладу літургічных тэкстаў і тэкстаў Святога Пісання на беларускую мову, заўважыўшы пры тым, што гэта пакуль што, на яе думку, не апошняе слова і што далейшая праца ў гэтым кірунку будзе спрыяць развіццю і паглыбленню ўжо дасягнутых поспехаў, з якімі яна шчыра павіншавала ўсіх, хто прычыніўся да гэтай справы.

Першы прарэктар Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта протаіерэй Сергій Гардун зрабіў падрабязны агляд праблем фарміравання беларускай багаслоўскай тэрміналогіі ў асяроддзі Праваслаўнай Царквы з часоў Кірылы Тураўскага і Еўфрасінні Полацкай.

Акрамя вызначаных ім прычын недастатковай распрацаванасці беларускамоўнай рэлігійнай тэрміналогіі і наогул вельмі абмежаванага ўжывання беларускай мовы ў Беларускай Праваслаўнай Царкве, на падставе яго дакладу можна было зрабіць адну лагічную выснову: важнай прычынай такога стану рэчаў з’яўляецца тое, што ў праваслаўным рэлігійным асяроддзі пытаннямі беларускай мовы займаліся прадстаўнікі т.зв. «заходнерусізму» і іх паслядоўнікі, якія лічылі Беларусь рэгіянальнай часткай Расіі, а беларусаў — не асобным народам, а самабытным адгалінаваннем рускага этнаса.

Душпастыр грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне а. Андрэй Крот пазнаёміў удзельнікаў канферэнцыі і гасцей з выданнямі беларускамоўных літургічных тэкстаў у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве.

Магістр багаслоўя Аляксандр Багданенкаў, пастар супольнасці Адвентыстаў Сёмага Дня з Барысава, закрануў багаслоўскі і семіятычны аспекты інтэрлінгвістычнай інтэрпрэтацыі Апакаліпсіса на прыкладзе перакладаў гэтай апошняй кнігі Новага Запавету на рускую і беларускую мовы.

Муфцій Рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання «Духоўнае ўпраўленне мусульман у Рэспубліцы Беларусь» Алі Варановіч ужо ў сваім прывітальным слове падкрэсліў, якую важную ролю ў захаванні і развіцці культуры беларускіх мусульманаў адыграла беларуская мова. Пры гэтым ён вельмі кранальна распавёў пра сваю старэнькую бабулю, якая жыве ў Навагрудку і неўзабаве адзначыць свой 97-ы дзень нараджэння.

Яна ў цяжкія хвіліны, у складаных жыццёвых сітуацыях, заўсёды «скорагаворкай» кажа па-беларуску: «Хай Бог крые, сцеражэ, бароніць».

Муфцій Варановіч распавёў пра тое, як у наш час ідзе праца над сучасным перакладам на беларускую мову Кур’ана: менавіта так трэба правільна пісаць назву галоўнай святой кнігі ісламу па-беларуску. Прадстаўнік беларускай мусульманскай супольнасці, якая прысутнічае ў нашай краіне з XIV ст., адзначыў, што сёння яе склад значна змяніўся за кошт далучэння вялікай колькасці вызнаўцаў ісламу з іншых краін. І хоць традыцыйныя беларускія мусульмане сёння засталіся ў меншасці, яны, тым не менш, вядуць вельмі важную і сур’ёзную працу па перакладзе святой кнігі на сучасную беларускую мову. У гэтым ім дапамагае тое, што беларуская мова значна лепш, чым, напрыклад, руская, дзякуючы сваім фанетычным асаблівасцям (у прыватнасці, наяўнасці фрыкатыўных гукаў) дазваляе перадаваць важныя для мусульман арабскія найменні.

Так, у беларускай арфаграфіі правільна пісаць Імя Бога «Алаг» (апошні гук такі самы, як у беларускім слове «снег»).

Завяршылася пленарнае пасяджэнне дакладамі загадчыка кафедры славянскіх літаратур Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктара філалагічных навук, прафесара, старшыні Беларускай Біблейнай Камісіі Івана Чароты «Дыскусійныя моманты праблемы „Беларуская літаратура і Царква“», загадчыка кафедры беларускай і рускай моў БНТУ, вядучага навуковага супрацоўніка Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдата філалагічных навук, дацэнта Ірыны Будзько «Пераклады кніг Старога Запавету і фарміраванне корпуса рэлігійнай тэрміналогіі на беларускай мове», а таксама паведамленнем загадчыка сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Уладзіміра Кошчанкі, які займаецца складаннем электроннага беларускага біблійнага корпусу, што на сёння змяшчае 16 перакладаў Святога Пісання на беларускую мову.

У межах канферэнцыі адбылася таксама прэзентацыя выдання «Псалтыра» ў перакладзе на сучасную беларускую літаратурную мову, падрыхтаванага па прыватнай ініцыятыве пробашча мінскай парафіі Св. Сымона і св. Алены кс. каноніка Уладзіслава Завальнюка загадчыкам кафедры гісторыі беларускай мовы філалагічнага факультэта БДУ, доктарам філалагічных навук, прафесарам Мікалаем Прыгодзічам і настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, метадыстам, загадчыкам кабінета беларускай мовы і літаратуры Мінскага гарадскога інстытута ўдасканалення настаўнікаў, выкладчыкам сучаснай беларускай мовы і методыкі мовы ў педагагічным каледжы №1, сябрам Рэспубліканскай Рады ТБМ імя Ф. Скарыны Валянцінай Раманцэвіч.

Гэтае выданне «Псалтыра», прымеркаванае да 500-годдзя Скарынаўскай Бібліі і таму названае «юбілейным», можна разглядаць толькі як пэўную літаратурна-бібліяграфічную «цікавостку», таму што гэты пераклад святога тэксту не быў зроблены з арыгінальнай мовы і не звязаны з жывой моўнай традыцыяй Каталіцкага Касцёла на Беларусі.

Пасля прэзентацыі адбыўся круглы стол на тэму «Мова і рэлігія: беларускі кантэкст», мадэратарам якога выступіў прафесар Мікалай Прыгодзіч. Да працы круглага стала далучыліся беларуская пісьменніца, галоўны рэдактар часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» Крыстына Лялько, а таксама супрацоўніцы выдавецтва «Pro Christo» філолаг Ганна Шаўчэнка і перакладчыца Юлія Шэдзько.

На пачатку прафесар Прыгодзіч даў кірунак дыскусіі ў сваім выступе на тэму «Звяртацца да Бога на адзінай літаратурнай мове: што (хто) перашкаджае?». Выказаная ім думка адносна неабходнасці ўніфікацыі рэлігійнай тэрміналогіі не знайшла падтрымкі ў прадстаўнікоў Касцёла, паколькі такі падыход не ўлічвае існавання ў беларускай мове розных перакладчыцкіх традыцый, пра якія ішла гаворка ў дакладзе як Марыны Пашук, так і іншых удзельнікаў канферэнцыі.

У гэтым пытанні сваё аўтарытэтнае меркаванне выказаў галоўны навуковы супрацоўнік аддзела славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі, акадэмік Міжнароднай акадэміі Еўразіі, доктар honoris causa Сафійскага ўніверсітэта, сябра Міжнароднага камітэта славістаў, доктар філалагічных навук, прафесар Генадзь Апанасавіч Цыхун.

«Патрыярх» беларускага мовазнаўства кампетэнтна растлумачыў, што немагчыма патрабаваць прымусовай уніфікацыі лексікі без уліку жывой моўнай традыцыі.

На думку акадэміка Цыхуна, у гэтым пытанні неправамерна спасылацца на Закон Рэспублікi Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», прыняты ў 2008 г., паколькі ён рэгламентуе правапіс, а не лексічны склад мовы, які вызначаецца з дапамогай корпусу тэкстаў.

Ксёндз Ян Крэміс у гэтым кантэксце адзначыў, што да сённяшняга часу тыя, хто займаецца складаннем слоўнікаў, цалкам ігнаравалі корпус тэкстаў Каталіцкага Касцёла, а між тым менавіта Касцёл больш за ўсе іншыя рэлігійныя супольнасці ў краіне выкарыстоўвае ў сваім жыцці і ў сваёй дзейнасці беларускую мову.

Крыстына Лялько падтрымала старшыню Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, падкрэсліўшы, што сучасная каталіцкая прэса выдаецца ўжо амаль чвэрць стагоддзя і не лічыцца з яе існаваннем — значыць не жадаць прыняць рэальнае становішча рэчаў з выкарыстаннем беларускай мовы ў сферы sacrum.

Дык ці ж будзе пачуты голас Касцёла беларускімі чыноўнікамі ад мовы і ці будзе нарэшце ўлічаны вялізны корпус сучаснай каталіцкай літаратуры на беларускай мове ў далейшай працы над нарматыўнымі слоўнікамі, якія пакуль што ігнаруюць не толькі моўную практыку Касцёла на Беларусі, але і юрыдычна зарэгістраваныя найменні каталіцкіх парафій?..

Пытанне немалаважнае, бо ад станоўчага адказу на яго ў вялікай ступені залежыць далейшы лёс беларускай мовы і яе нармальнае развіццё і функцыянаванне ў розных сферах жыцця.

Абноўлена 03.04.2018 10:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.