Пошук

21.02.2019 12:31   Тэкст і фота: Дзмітрый Мельнікаў / Catholic.by

16 лютага ў межах праекту «Дорым прафесію» супрацоўнікі і валанцёры Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў чарговы раз наведалі школу-інтэрнат у п. Гарадзея (Нясвіжскі раён).

Раней прадстаўнікі каталіцкай місіі ўжо гатавалі з дзецьмі піцу, ляпілі пельмені, а гэтым разам вырашылі спячы бліны і прыгатаваць кексы. Чарговы майстар-клас даваўся дзецям лягчэй за папярэднія: відаць, што навучанне ад Ганны Якімовіч не прайшло дарма. Чым часцей падыходзіць да пліты — тым лягчэй з ёю пасябраваць.

Не менш важным навыкам вучыліся дзеці са старэйшых класаў.

Аказанне першай медыцынскай дапамогі — гэта тыя веды, якія патрэбныя кожнаму чалавеку, бо ад іх можа залежаць жыццё і здароўе бліжняга.

Валанцёры Рыгор, Крысціна і Вольга не толькі давалі дзецям тэорыю, але і практыкавалі з імі атрыманыя веды. Майстар-клас атрымаўся па-сапраўднаму «дарослым».

Для дзяўчат са старэйшых класаў была працягнута серыя майстар-класаў па догляду за сабой. На папярэдніх сустрэчах яны вучыліся карыстацца касметыкай, а цяпер даведаліся больш пра тое, як правільна даглядаць за тварам. Як адзначаюць прадстаўнікі Caritas, гэта самы папулярны занятак у дзяўчат.

Урокі па пляценню з саломкі сабралі найбольш працавітых і цярплівых выхаванцаў. Гэты майстар-клас — сапраўднае мастацтва, якое патрабуе вытрымкі і руплівасці. Даспадобы ён, вядома, не ўсім, але ёсць і тыя, хто пачынае любіць гэтую справу з першага разу і гатовы гадзінамі сядзець за любімым заняткам. З саломкаю дзеці працавалі больш за дзве гадзіны.

Для самых маленькіх выхаванцаў супрацоўнікі і валанцёры дабрачыннага таварыства прывезлі развіваючыя сшыткі, пазлы і размалёўкі.

Дзеці так хацелі паспрабаваць усё адразу, што часам даводзілася дапамагаць ім скончыць пачатае. У выніку, усё паспелі і з усім далі рады. Кожны склаў як мінімум 1 пазл і размаляваў 1 карціну.

Уменне трымаць у руках іголку з ніткай — гэта таксама карысная і прыдатная ў жыцці рэч. Дабравольным настаўнікам было цікава, як з гэтым справяцца выхаванцы школы. Па выніках яны адзначаюць, што сярод іх ёсць сапраўдныя віртуозы, якія шылі вельмі ўмела.

Танцавальныя майстар-класы таксама ўжо сталі традыцыйнымі ў такіх паездках: zumba, hip-hop, bellydance — спрабуецца ўсё, і з кожным разам відаць прагрэс. Вучні добра запамінаюць танцавальныя камбінацыі і паўтараюць за трэнерам. Адназначна варта працягваць гэтыя ўрокі.

Каб скончыць дзень на вясёлай ноце, па традыцыі выхаванцаў школы чакала забаўляльная праграма ад аніматараў з Нясвіжа, што стала выдатным завяршэннем дня.

Арганізатары праекту выказваюць падзяку ўдзельнікам і ўсім тым, хто дапамагаў у падрыхтоўцы сустрэчы, праводзіў майстар-класы і быў побач з дзецьмі ў гэты дзень. Супрацоўнікі і валанцёры Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі спадзяюцца зноў убачыцца са сваімі маленькімі сябрамі з гарадзейскай школы-інтэрната на фестывалі, які плануецца правесці ў маі.

Абноўлена 21.02.2019 17:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця