Пошук

29.08.2024 13:42   Паводле: Caritas Мінск / Вк / Catholic.by

Напрыканцы летніх канікулаў супрацоўнікі і валанцёры Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў межах праекта «Дорым прафесію» арганізавалі і правялі кулінарныя майстар-класы для выхаванцаў Гарадзейскай школы-інтэрната.

Акцыя праходзіла пры падтрымцы і на базе сталічнага рэстарана «Гараж», супрацоўнікі якога вучылі дзяцей рабіць смачную піцу. Юныя кухары надзелі фірмовыя фартухі і галаўныя ўборы, каб прыгатаваць піцу сваімі рукамі. Некаторыя раскочвалі цеста ўжо як сапраўдныя піцамэйкеры, іншыя «ваявалі» з качалкай даўжэй і пакуль спраўляліся не так хутка.

Але гэта не важна, а важна тое, што прагрэс у вучняў сапраўды ёсць.

Адзін з галоўных і лепшых момантаў — афармленне самой піцы, што становіцца вялікім полем для фантазіі. Дзеці па-асабліваму выкладвалі інгрэдыенты, упрыгожвалі, імкнуліся да таго, каб піца выглядала як сапраўдны шэдэўр кулінарнага мастацтва.

Перад тым, як адправіць піцу ў печ, дзяцей папрасілі прыдумаць назву свайму кулінарнаму вырабу, каб потым адшукаць яго, пакаштаваць самому ці забраць з сабой у школу і пачаставаць сяброў.

«Сёння ў дзяцей было кулінарнае свята, — падзялілася ўражаннямі выхавацель Гарадзейскай школы-інтэрната Лілія Буглай. — Назіраючы з боку, наколькі яны былі ўцягнутыя ў працэс, выснову можна зрабіць адну: яны былі шчаслівыя. Дзякуй за запрашэнне!»

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця