Распачынаючы сваю місію ў Беларусі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі Томаш Перніцкі сустрэўся з арцыбіскупам Кандрусевічам, Мітрапалітам Паўлам і біскупам Кашкевічам.
Як паведамляе сайт Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Мінску, 12 лютага дыпламат наведаў з візітам ветлівасці Старшыню Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.
Кіраўнік каталіцкага епіскапату пазнаёміў пасла Чэхіі з багатай гісторыяй і цяперашнім станам Касцёла ў Беларусі, а таксама з сацыяльнымі, медыцынскімі і адукацыйнымі праектамі, якія рэалізуюцца ў нашай краіне вернікамі каталіцкай канфесіі.
14 лютага Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел падчас асабістай сустрэчы праінфармаваў Томаша Перніцкага аб гісторыі і сучасным стане Беларускай Праваслаўнай Царквы, якая з’яўляецца экзархатам Рускай Праваслаўнай Царквы.
Як паведаміў партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, 20 лютага падобная сустрэча адбылася паміж дыпламатам і Гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам, у ходзе якой пасол пазнаёміўся з жыццём і дзейнасцю Каталіцкага Касцёла на Гродзеншчыне.
У межах візіту пасол таксама наведаў галоўную каталіцкую святыню горада над Нёманам — гродзенскую катэдральную базыліку св. Францішка Ксавэрыя. Адмысловую экскурсію для дыпламата правёў пробашч катэдральнай парафіі кс. канонік Ян Кучынскі.