Пошук

18.02.2019 12:28   Тэкст і фота: Кацярына Лаўрыненка / Catholic.by

16 лютага ў Росіцы ўшанавалі памяць благаслаўлёных мучанікаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча і шматлікіх мірных жыхароў, спаленых нацыстамі ў лютым 1943 года.

Ушанаваць памяць нявінных ахвяраў сабраліся вернікі і святары на чале з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам. Сёлета гэта адбылося ў той самы дзень, калі 76 гадоў таму распачалася нялюдская «акцыя пацыфікацыі».

Росіца сустрэла вернікаў цёплым, амаль веснавым надвор’ем. Але незалежна ад надвор’я шматлікіх пілігрымаў заўсёды саграюць шчырая ўсмешка і цёплыя словы а. Чэслава Курэчкі МІС, пробашча росіцкай парафіі і апекуна месца мучаніцкай смерці благаслаўлёных Юрыя і Антонія. Ён заўсёды сустракае пілігрымаў на парозе росіцкай святыні, вітаючы іх на гэтай зямлі.

На пачатку св. Імшы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч нагадаў, што сёлета будзе адзначацца 20-годдзе існавання Віцебскай дыяцэзіі. Менавіта ў год заснавання дыяцэзіі адбылася першая пілігрымка ў Росіцу.

Падчас урачыстай св. Імшы біскуп Віцебскі Алег Буткевіч павіншаваў Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі кс. архімандрыта Яна Сяргея Гаека, марыяніна, з 70-гадовым юбілеем, 45-годдзем святарства і 25-годдзем служэння на Беларусі, падараваўшы яму абраз Маці Божай.

Узгадваючы подзвіг росіцкіх мучанікаў, у сваёй гаміліі кс. Міхал Цвячкоўскі МІС, пробашч парафіі ў Жодзіне, нагадаў, што яны «змагаліся, каб быць вернымі і годнымі хрысціянамі да канца свайго жыцця», і падкрэсліў, што для нас гэта прыклад для пераймання.

Святар дадаў, што чалавек у выбары дарогі дабра ці зла можа выбіраць і зло, але пры гэтым трэба памятаць, што такім чынам ён выбірае і наступствы сваіх учынкаў. Кс. Міхал узгадаў фацімскае пасланне Багародзіцы і Яе заклік да навяртання, што датычыўся краін, якія пазней увайшлі ў склад сумнавядомага СССР, дзе імкнуліся пабудаваць шчаслівае жыццё без Бога. У сувязі з гэтым святар заўважыў: «Гісторыя паказвае, што лепшага жыцця без Бога не бывае: такое жыццё заўсёды вядзе да трагедыі».

«Бог заўсёды верны свайму слову, праблема — у сэрцы чалавека, — сказаў святар. — Бог запрашае да глыбокай веры, але ці раблю гэты крок я?»

Ён адзначыў: «Верачы ў Бога Айца, благаслаўлёныя росіцкія мучанікі перадусім захавалі жывую веру і вернасць запаведзям, і гэта самы вялікі скарб — скарб даверу Богу, што жыццё ў гэтым свеце не заканчваецца. Гэтай верай яны ўмацоўвалі тых, хто пайшоў на смерць».

Напрыканцы гаміліі кс. Міхал Цвячкоўскі заклікаў прысутных адказаць сабе на пытанне: «Ці з’яўляецца мая вера такой жывой, як у гэтых святароў?»

На пляцы пакутніцкай гібелі нявінных ахвяраў, куды вернікі і духавенства прайшлі ў працэсіі з запаленымі паходнямі і знічамі, біскуп Алег Буткевіч нагадаў пра вартасць чалавечага жыцця, падкрэсліўшы, што пашана да яго магчымая толькі пры ўмове, калі чалавек крочыць дарогай Евангелля.

Кожны год Росіца збірае вялікую колькасць пілігрымаў, для якіх вельмі важна наведаць менавіта гэтае месца. Ужо не першы год сюды завітваюць і пілігрымы з Будслава. Крысціна Палачанская распавяла, што ў Росіцу прывезла свае інтэнцыі, у якіх папрасіла заступніцтва благаслаўлёных мучанікаў.

Шматлікія пілігрымы ўжо на працягу многіх гадоў прыязджаюць сюды двойчы на год.

Многія ўжо добра ведаюць адзін аднаго. Памятае пра ўсіх і кс. Чэслаў Курэчка МІС. Не раз бывала, што ён заклапочана пытаўся, чаму гэтым разам не прыехаў той ці іншы пілігрым.

На працягу года пілігрымы абавязкова тэлефануюць ксяндзу Чэславу, каб даведацца пра росіцкія навіны ці папрасіць аб малітве праз заступніцтва благаслаўлёных Юрыя і Антонія.

Гэтае месца сапраўды прываблівае сваёй духоўнасцю і духоўнымі плёнамі, якія атрымліваюць тут шматлікія вернікі. «Я доўга потым жыву гэтай сустрэчай з Панам у месцы высокай ахвяры і любові», — кажа Вольга Давыдзенка з Наваполацка.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця