Пошук

17.02.2019 16:07   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

17 лютага арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў новыя званы, якія з гэтага часу будуць рэгулярна склікаць вернікаў на малітву ў Чырвоны касцёл у Мінску.

Малітве благаслаўлення папярэднічала св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

У прамоўленай гаміліі, разважаючы над чытаннем Евангелля гэтага дня аб васьмі благаслаўленнях з казання Езуса на гары, іерарх сказаў:

«У васьмі благаслаўленнях Езуса мы бачым новы менталітэт.

Паводле свецкай логікі, благаслаўлёныя — гэта найперш багатыя і паспяховыя людзі. Паводле Хрыста — гэта лагодныя, бедныя, справядлівыя, тыя, каго пераследуюць за веру...».

Па словах іерарха, восем благаслаўленняў Езуса — «дарога духоўнага ўзрастання, якая вядзе да шчасця».

«Гэтай дарозе нас вучыць Касцёл, найперш праз абвяшчэнне Евангелля, што з’яўляецца галоўным яго заданнем. А ў касцёл заклікае нас звон званоў», — адзначыў ён.

Падзея благаслаўлення новых званоў у Чырвоным касцёле, дадаў арцыбіскуп, стала магчымай дзякуючы старанням пробашча кс. каноніка Уладзіслава Завальнюка, кс. прэлата Андрэя Стэцкевіча, ахвярнасці гэтай парафіі і спонсараў.

«У савецкія часы гістарычныя званы былі знятыя з Чырвонага касцёла, які быў ператвораны ў Дом кіно. Вядома, што добрае кіно — мастацкі твор, які выхоўвае чалавека. Аднак дом малітвы павінен такім заставацца», — падкрэсліў іерарх.

«Сучасны чалавек вельмі часта як быццам знаходзіцца ў летаргічным духоўным сне і не жадае абудзіцца, — сказаў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. — Ён больш клапоціцца пра зямныя справы і не мае часу задумацца пра вечныя, пра восем благаслаўленняў Езуса, якія вядуць да вечнага жыцця.

Голас званоў дапамагае абудзіць нас з духоўнага сну, каб падумаць пра Бога і вечнасць», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён дадаў, што «калі людзі знаходзяцца ў духоўнай спячцы і не звяртаюцца да Бога, то прамаўляюць званы, каб абудзіць наша сумленне і нагадаць пра Божы закон з мэтай навучыць чалавека будаваць жыццё ў адпаведнасці з васьмю благаслаўленнямі».

«Званы на вежы Чырвонага касцёла маўчалі доўгія пакаленні. Атэісты і бязбожнікі трыумфавалі. Яны забыліся пра словы Хрыста, што брамы пякельныя не знішчаць Касцёла, — дадаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. — Сённяшняя падзея якраз і з’яўляецца выдатным доказам гэтых слоў Збаўцы.

Благаслаўленне званоў яшчэ раз сведчыць, што Бог з’яўляецца Панам гісторыі і Ён, а не моцныя гэтага свету, яе піша».

На заканчэнне св. Імшы пробашч парафіі св. Сымона і св. Алены кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк шчыра падзякаваў усім ахвярадаўцам, за чые сродкі ў Польшчы фірмай Яна Фэльчынскага, якая спецыялізуецца на касцёльных званах, былі адлітыя тры званы для Чырвонага касцёла.

Пры гэтым пробашч асабліва падкрэсліў, што грошы на званы ахвяравалі не толькі католікі, але і праваслаўныя:

«Перазвон званоў — агульная традыцыя ў Касцёле і ў Царкве. Званы асвячаюць і яднаюць католікаў і праваслаўных», — пранікнёна сцвердзіў святар.

Пасля Эўхарыстыі з удзелам соцень вернікаў адбылося благаслаўленне званоў, якое арцыбіскуп Кандрусевіч здзейсніў на галоўнай вежы Чырвонага касцёла.

Ён па чарзе ўдарыў малатком спачатку ў самы маленькі звон, потым — у сярэдні, і, нарэшце, у самы вялікі, пасля чаго прачытаў малітву благаслаўлення і акрапіў званы асвячонаю вадою.

Па традыцыі, званы маюць свае ўласныя імёны. Самы вялікі звон вагою ў 1200 кг называецца «Арханёл Міхал». На ім змешчаны дэвіз святога Божага пасланца, апекуна Касцёла на Беларусі «Хто як Бог», а таксама словы ўдзячнасці «духавенству і народу за вернасць Богу і захаванне веры для наступных пакаленняў».

Відэа: дк. Яўген Вінтаў

Сярэдні звон вагою ў 700 кг адліты ў гонар фундатара Чырвонага касцёла славутага мінскага грамадскага дзеяча і мецэната Слугі Божага Эдварда Вайніловіча. Сваім голасам ён будзе нагадваць жыцёвае крэда гэтага чалавека: «Так хацеў Бог», а таксама заклікаць усіх людзей да братняга адзінства. «Няхай людзі розных веравызнанняў на зямлі славяць адзінага Бога на небе» — такі надпіс змешчаны на сярэднім зване.

Найменшы звон вагою ў паўтоны прысвечаны жонцы Эдварда Вайніловіча Алімпіі і іх двум заўчасна памерлым дзеткам — Сымону і Алене. Гэты звон з самым пяшчотным голасам будзе зноў і зноў паўтараць заклік Хрыста: «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне».

Пасля благаслаўлення званоў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, стоячы на ўзвышшы перад касцёлам, урачыста інаўгураваў іх першы ўрачысты перазвон.

Такім чынам шостая звычайная нядзеля стала незвычайнай для вернікаў Мінска, перадусім парафіі св. Сымона і св. Алены. На галоўнай вежы Чырвонага касцёла ўпершыню пасля дзесяцігоддзяў маўчання, выкліканага атэістычным пераследам веры ў савецкія часы, зноў загучалі званы, заклікаючы жыхароў і гасцей беларускай сталіцы да малітвы і да думак пра вечнае.

Узнёсла і радасна паплыў срэбнагалосны перазвон над сталіцаю, зліваючыся з гукамі беларускага рэлігійнага гімна «Магутны Божа» і бетховенскім спевам «Да радасці». Паплыў, каб дастукацца да сэрца кожнага чалавека ў Мінску, Беларусі і ва ўсёй Еўропе, каб абуджаць сумленні і вяртаць заблукалых да нязгаснага святла Хрыстовага Евангелля.

Абноўлена 18.02.2019 00:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.