Пошук

14.02.2019 15:54   Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

14 лютага ў катэдры Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску прайшла пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Мінскай вобласці, падчас якой сабраныя павіншавалі з 50-гадовым юбілеем пробашча сталічнай катэдральнай парафіі кс. каноніка Антонія Клімантовіча.

Сустрэча праходзіла ў свята Апекуноў Еўропы і апосталаў славянаў святых Кірыла і Мятода. Як зазначыў у гаміліі падчас св. Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, менавіта праз іх Бог прывёў народы Усходняй Еўропы да святла Евангелля.

«Мы, духавенства і вернікі Беларусі, сёння ўдзячныя салунскім братам за іх унёсак у евангелізацыю таксама і нашай краіны», — падкрэсліў іерарх.

«Бог паслаў двух братоў абвяшчаць Евангелле на славянскай мове, што было ў тыя часы чымсьці рэвалюцыйным. Толькі Другі Ватыканскі Сабор у сярэдзіне ХХ ст. увёў у літургічную практыку Касцёла выкарыстанне нацыянальных моваў, але ўжо ў IX стагоддзі гэтую неабходнасць разумелі святыя Кірыл і Мятод», — сказаў арцыбіскуп.

Ён адзначыў, што місіянерская дзейнасць упісана ў прыроду Касцёла, які пасланы несці Евангелле ўсім народам. Абвясціўшы св. Кірыла і Мятода Апекунамі Еўропы, св. Ян Павел II заклікаў браць з іх прыклад у справе новай евангелізацыі нашага кантыненту, каб ён зноў пачаў чэрпаць духоўныя сокі са сваіх хрысціянскіх каранёў.

Арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуў увагу на тое, што Беларусь была ахрышчана больш за тысячу гадоў таму, аднак доўгі перыяд атэізму падмыў фундаменты хрысціянства ў нашай краіне, а тэндэнцыі секулярызму перашкаджаюць ажыццяўляць місію новай евангелізацыі.

«Напэўна, ёсць у гэтым віна і нас, духоўных асобаў, бо мы не да канца выкарыстоўваем дадзеныя нам Божым Провідам магчымасці», — сцведзіў іерарх.

Ён перакананы, што прыклад св. Кірыла і Мятода заклікае беларускіх святароў да актывізацыі місіянерскіх высілкаў у галіне абвяшчэння Божага слова і выхавання людзей, асабліва маладога пакалення, на прынцыпах Евангелля. Сёння перад Касцёлам на Беларусі стаіць вельмі важнае заданне: несці сваю місію ў адпаведнасці з выклікамі часу, з новай моцай абвяшчаць Божае слова, каб «рэхрысціянізаваць» наша грамадства і вярнуць яму значэнне хрысціянскіх каштоўнасцяў.

«Гэта нялёгкае і па-чалавечы нават немагчымае заданне. Зноў мы падобныя да авечак сярод ваўкоў секулярызму, якія імкнуцца знішчыць духоўныя каштоўнасці. Аднак прыклад святых Кірыла і Мятода, а таксама іншых шматлікіх місіянераў кажа нам, што з Божай дапамогай усё магчыма», — сказаў на заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Падчас св. Імшы сабраныя асаблівым чынам маліліся за кс. каноніка Антонія Клімантовіча ў дзень яго 50-годдзя, а таксама за біскупа Юрыя Касабуцкага, які адзначыць свой дзень нараджэння заўтра.

Пасля св. Імшы адбылася арганізацыйная частка сустрэчы, на якой спачатку выступіла Людміла Губіна, нацыянальны каардынатар малітоўнага руху «Маці ў малітве». Яна пазнаёміла духавенства і кансэкраваных асобаў Мінскай вобласці з тым, як удзельніцы руху разам моляцца за сваіх дзяцей і якую вялікую моц мае гэтая малітва маці.

Далей арцыбіскуп Кандрусевіч распавёў духавенству і законнікам пра тое, як прайшла яго размова з моладдзю «Дыялог з Мітрапалітам». Пры гэтым іерарх працытаваў некаторыя з зададзеных яму пытанняў і папрасіў святароў звярнуць увагу на пэўныя закранутыя моладдзю тэмы з мэтай палепшыць моладзевае душпастырства ў архідыяцэзіі.

Арцыбіскуп Кандрусевіч таксама нагадаў, што ўжо менш, чым праз месяц, 6 сакавіка, распачнецца Вялікі пост.

У сувязі з гэтым ён даў заданне пробашчам усіх парафій архідыяцэзіі арганізаваць у гэты перыяд рэкалекцыі і заахвоціў у якасці рэкалекцыяністаў запрашаць святароў з Магілёўскага пастырскага рэгіёну.

 

На заканчэнне было паведамлена, што падчас Вялікага посту пастырскія сустрэчы праводзіцца не будуць з-за вялікай колькасці абавязкаў у святароў. У наступны раз духавенства і кансэкраваныя асобы збяруцца разам у сталічным катэдральным касцёле ў Вялікі чацвер 18 красавіка на традыцыйнай св. Імшы Хрызма, якая распачнецца ў мінскай катэдры а 10-й гадзіне.

Пасля пастырскай сустрэчы юбіляр кс. канонік Антоні Клімантовіч запрасіў усіх прысутных на адмысловы пачастунак.

Абед, накрыты ў некалькіх пакоях, нагадваў старажытныя хрысціянскія агапы — «пасілкі любові» — і прайшоў у атмасферы шчырай братняй любові і братэрства ў духу нябесных апекуноў дня: святых братоў Кірыла і Мятода, а таксама св. Валянціна.

Рэдакцыя партала Catholic.by далучаецца да віншаванняў у адрас кс. каноніка Антонія Клімантовіча з нагоды юбілею і жадае яму шчодрых ласкаў Божых на кожны новы дзень жыцця і служэння Касцёлу на Беларусі.

Абноўлена 15.02.2019 21:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця