Пошук


5 лютага, ва ўспамін св. Агаты, панны і мучаніцы, у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі прайшла дыяцэзіяльная сустрэча кансэкраваных асобаў з нагоды дня малітваў аб святасці кансэкраванага жыцця.

Сустрэча пачалася духоўным настаўленнем, якое да сабраных законнікаў і законніц прамовіў кс. Алег Грыгаровіч з Таварыства Каталіцкага Апостальства, палатын.

Святар засяродзіў увагу ўдзельнікаў сустрэчы на неабходнасці клапаціцца пра ўнутраную адпаведнасць сваёй кансэкрацыі, а не пра знешні эфектны выгляд.

Ён прывёў прыклад, як у пэўнай краіне ў пракат выйшаў моцна разрэкламаваны фільм з крытыкай духавенства.

Адзін законнік прыйшоў у кінататэатр, каб паглядзець фільм, у сваім манаскім адзенні. Гэта сведчыла пра тое, што яго прывяла ў кіно не звычайная цікаўнасць, а штосьці глыбейшае. З аднаго боку, гэты законнік такім чынам засведчыў, што не саромееца свайго выбару і служэння, а, з другога боку, паказаў, што жадае паглядзець на сябе як быццам з боку: ці не закралася ў яго кансэкраванае жыццё штосьці неадпаведнае гэтаму велічнаму пакліканню.

Старацца дбаць пра гэта кс. Алег Грыгаровіч запрасіў таксама сваіх братоў і сясцёр.

Сустрэчу працягнула св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Разам з ім канцэлебравалі дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі, салезіянін, а таксама прысутныя айцы з розных законных супольнасцяў.

  

У прамоўленай гаміліі пастыр падкрэсліў, што кансэкраванае жыццё — «інтэгральная частка Касцёла» і «без яго нельга было б уявіць адраджэнне духоўнасці ў нашай краіне пасля трох пакаленняў ганенняў».

Іерарх назваў вельмі сімвалічным тое, што свята кансэкраванага жыцця адзначаецца ў свята Ахвяравання Пана, бо «кансэкраванае жыццё — гэта ахвярнае жыццё».
Па словах арцыбіскупа, свята Ахвяравання Пана прапануе задумацца аб нашай здольнасці ахвяравання. «У сучасным свеце вельмі часта людзі прытрымліваюцца прынцыпу „Дай штосьці камусьці, каб самому нешта атрымаць узамен“, — адзначыў ён. — А як з дарамі для Бога і ад Бога? Дзе месца на дар і ахвяру?»

«Да чаго нас заклікае свята Ахвяравання? Калі мы кагосьці любім, то жадаем яму найлепшага. <…> Бог нас любіць сваёй бязмежнай любоўю, вышэйшай праявай якой стаў Крыж Езуса Хрыста.

Бог хоча адарыць нас сваімі дарамі. Ён патрабуе ад нас толькі аднаго — згоды.

 

Аднак гэтыя адносіны павінны быць двухбаковымі, бо і мы самі павінны ахвяраваць сябе Богу. Гэта азначае, што мы павінны быць адкрытымі на Яго волю і з пакорай прыняць яе. Мы таксама павінны дазволіць, каб Яго ласка дзейнічала ў нашым жыцці», — патлумачыў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Ён дадаў, што добрым прыкладам такой адкрытасці з’яўляюцца кансэкраваныя асобы, якія ахвяравалі сваё жыццё Богу праз манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці. Сучасны свет «не разумее гэтага і з цяжкасцю прымае рашэнне таго ці іншага маладога чалавека стаць законнікам ці законніцай, бо трэба адрачыся ад звычайнага свецкага стылю жыцця і поўнасцю ахвяраваць сябе Богу», у чым «заключаецца выклік свята Ахвяравання Пана».

Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што сёння Касцёл успамінае св. Агату, якая прыняла мучаніцкую смерць на распаленым вуголлі і якая з’яўляецца заступніцай ад пажараў. Вельмі сімвалічна, па яго словах, што сёлетні дзень малітваў аб святасці кансэкраванага жыцця ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі супадае з успамінам св. Агаты.

«Душы сучасных людзей вельмі часта ахоплены грахоўным пажарам, які трэба як мага хутчэй гасіць, бо ён можа знішчыць духоўнае жыццё чалавека. Гэта заданне Касцёла, таксама і кансэкраваных асобаў», — сказаў ён.

На заканчэнне св. Імшы адбылося традыцыйнае благаслаўленне «хлеба святой Агаты», які ахоўвае ад пажараў і небяспекі ад агню.

Дзякуючы кансэкраваным асобам за ахвярнае служэнне, арцыбіскуп Кандрусевіч адзначыў: «Бог паклікаў вас да служэння ў Беларусі, гэта значыць да таго, каб быць на першай лініі фронту сярод тых, хто ідзе шляхам евангелізацыі».

Напрыканцы пастыр пажадаў законнікам і законніцам, каб іх жыццё паводле евангельскіх парадаў і харызмаў манаскіх супольнасцяў «перамяніла ваду штодзённасці ў добрае новае духоўнае віно» і «стала сапраўдным праяўленнем духоўнай свабоды».

Абноўлена 18.07.2019 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа