Пошук

02.02.2019 18:33   Тэкст: Анастасія Грышан / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

2 лютага арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узначаліў першую адпустовую ўрачыстасць Ахвяравання Пана ў капліцы пры Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску.

На пачатку свята супрацоўнікі Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра паказалі тэматычную сцэнку пра Ахвяраванне Пана, якое ў народзе яшчэ называюць святам Маці Божай Грамнічнай.

Паля гэтага адбылася ўрачыстая св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У гаміліі іерарх засяродзіўся над тэкстам Евангелля аб ахвяраванні Немаўляці Езуса ў Ерузалемскай святыні.

Паводле закону Майсея, бацькі пасля 40 дзён ад нараджэння першароднага сына павінны былі прынесці яго ў святыню, каб ахвяраваць Богу.

Паслухмяныя закону, Марыя з Юзафам так і зрабілі. Старазапаветная традыцыя ахвяравання першароднага сына ў святыні, як адзначыў арцыбіскуп, мае непасрэдную сувязь з ацаленнем першародных габрэйскіх сыноў у Егіпце. У Евангеллі звяртаецца вялікая ўвага на гэтую рэлігійную практыку, бо яна ядналася з аб’яўленнем асобы Езуса народу Ізраэля ў Ерузалемскай святыні, з якой будзе цесна звязана Яго жыццё.

         

Старац Сімяон, які знаходзіўся ў той час у святыні, быў вельмі ўзрушаны ўбачаным і, натхнёны Святым Духам, назваў Езуса святлом для язычнікаў, славай Ізраэля і знакам супраціву.

Арцыбіскуп звярнуў увагу бацькоў дзяцей, якія выхоўваюцца ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры, на прыгожую традыцыю ахвяравання дзяцей Богу і іх хрысціянскага выхавання, каб яны ўзрасталі не толькі гадамі і мудрасцю, але таксама ў ласцы ў Бога і людзей.

Тлумачачы, што азначае ахвяраванне дзяцей Богу, іерарх сказаў: «Найперш гэта ўсведамленне таго, што дзіця — Божы дар і перш за ўсё належыць Богу. Гэта вельмі важна ў наш час, калі дзіця ўспрымаецца эгаістычна, як быццам гэта нейкі тавар, права на якое маюць толькі бацькі. Мы павінны памятаць, што новае жыццё пачынаецца ў супрацоўніцтве з Богам — адзіным Творцам».

         

Арцыбіскуп дадаў, што ахвяраванне дзіцяці Богу пачынаецца ў сакрамэнце хросту, але гэта толькі пачатак, бо яго неабходна выхоўваць у веры. І тут галоўная роля належыць бацькам, бо яны з’яўляюцца першымі выхавацелямі, найперш праз сваё хрысціянскае сведчанне і практыку рэлігійнага жыцця.

Кажучы, што ў свята Ахвяравання Пана мы прыносім у касцёл свечкі, якія называюцца грамнічнымі, іерарх нагадаў, што гэтая традыцыя бярэ свой пачатак ад слоў старца Сімяона, што Хрыстус — святло народаў.

Грамнічная свечка «нясе вельмі важнае пасланне ўсім людзям, бо мы павінны свяціць святлом нашага хрысціянскага жыцця ўсім», што важна «асабліва для бацькоў, якія павінны быць найперш святлом веры для сваіх дзяцей».

Арцыбіскуп звярнуў увагу таксама на тое, што 2 лютага Касцёл адзначае Дзень кансэкраванага жыцця. Законнікі і законніцы, па яго словах паспяхова служаць Касцёлу і людзям, займаюцца выхаваннем маладога пакалення, а добрым прыкладам з’яўляецца Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, якім кіруе сястра Часлава Навіцкая з кангрэгацыі сясцёр уршулянак.

Іерарх павіншаваў сясцёр, пажадаўшы ім і Хрысціянскаму сацыяльнаму цэнтру Божага благаслаўлення, каб яны былі «святлом, якое асвятляе сучаснага чалавека, асабліва маладога, каб у сваім жыцці ён ішоў шляхам Евангелля».

Абноўлена 18.07.2019 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.