5 лютага ў Гродне прайшло святкаванне Сусветнага дня кансэкраванага жыцця, які адзначылі на дыяцэзіяльным узроўні.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, на сустрэчу ў горадзе над Нёманам сабраліся манаскія асобы, якія нясуць служэнне ў розных мясцінах Гродзенскай дыяцэзіі.
Святочнае мерапрыемства распачалося ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі духоўнай канферэнцыяй, якую прамовіў айцец Антоні Пажэцкі OFMConv, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы і святога Францішка Асізскага ў Свіслачы (Бераставіцкі дэканат).'
Францішканін казаў пра важнасць поўнага даверу манаскай асобы Богу, неабходнага для таго, каб зрабіць сваё жыццё бескарыслівым дарам Яму.
Святар засяродзіў увагу на неабходнасці належным чынам рыхтавацца да Эўхарыстыі і перажываць яе. Ён закрануў тэму праблем у манаскай супольнасці і чаканняў ад супольнасці, а таксама заахвоціў практыкаваць адарацыю, назваўшы яе той хвілінай, калі Бог аднаўляе ў чалавеку вобраз, створаны Ім.
Потым удзельнікі мелі час на індывідуальную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Кульмінацыяй святочнай сустрэчы стала ўрачыстая Імша ў катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя з удзелам шматлікіх вернікаў Гродна, на якой кансэкраваныя асобы аднавілі манаскія абяцанні. Узначаліў цэлебрацыю біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
У слове на пачатку літургіі іерарх падкрэсліў, што Касцёл быў бы бедным без манахаў і манахінь.
Біскуп адзначыў, што кансэкраваныя асобы падтрымліваюць супольнасць Касцёла сваімі малітвамі, служэннем дзецям, моладзі, сем’ям, хворым і самотным людзям.
У гаміліі ксёндз Томаш Ксянжкевіч CMF нагадаў гісторыю ўзнікнення свята кансэкраваных асобаў і патлумачыў, чаму яно кожны год адзначаецца ў свята Ахвяравання Пана.
Па словах святара, Панна Марыя — першая кансэкраваная — павінна быць для манаскіх асобаў узорам адкрытасці на дар Бога, поўнай адданасці Яму, прыняцця чалавекам ласкі.
Нагадаўшы, што сёлета адзначаецца 35-я гадавіна з пачатку адраджэння рэлігійнага жыцця на беларускай зямлі, святар дадаў, што кансэкраваныя асобы з розных манаскіх супольнасцяў прыбылі ў нашу краіну з-за мяжы, каб служыць тут людзям, абвяшчаць Евангелле, удзяляць сакрамэнты, аднаўляць святыні, якія ўжо існавалі, і будаваць новыя.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч, карыстаючыся нагодай, падзякаваў усім асобам кансэкраванага жыцця за іх штодзённае служэнне ў Касцёле на Гродзеншчыне.
Ксёндз Дзяніс Крываносаў SAC, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках (Радунскі дэканат), дарадчык у Гродзенскай дыяцэзіі Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі, ад імя ўсіх кансэкраваных асобаў падзякаваў біскупу за клопат аб манаскіх супольнасцях у дыяцэзіі і за малітву ў іх інтэнцыі.