Пошук

25.01.2019 13:43   Фота: Фота Марыям Табагары / Catholic.by

У межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў 24 студзеня ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава пад кіраўніцтвам біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB адбылася супольная малітва прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій Магілёўшчыны.

У набажэнстве ўзялі ўдзел айцец Васіль Ягораў, які прадставіў Грэка-Каталіцкую Царкву, і галоўны пастыр пратэстанцкай Прэсвітэрыянскай супольнасці Іван Масюра. На супольную малітву былі таксама запрошаныя прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы Магілёўска-Мсціслаўскай і Бабруйска-Быхаўскай епархій.

Кожны з удзельнікаў падчас супольнай малітвы выступіў з прамовай.

Айцец Васіль Ягораў, прадстаўнік Грэка-Каталіцкай Царквы, у сваім разважанні адносна імкнення да справядлівасці засяродзіў увагу на неабходнасці быць справядлівым да сябе і са свайго боку.

Пратэстанцкі пастыр Іван Масюра падкрэсліў, што імкненне да справядлівасці без боязі Божай немагчымае.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які на правах гаспадара прамаўляў апошнім, падзякаваў удзельнікам набажэнства за прынятае запрашэнне далучыцца да малітвы за адзінства хрысціянаў і за супольную малітву, «каб усе былі адно», бо менавіта аб гэтым у сваёй Першасвятарскай малітве падчас Апошняй Вячэры прасіў сам Езус Хрыстус (гл. Ян 17).

«Тэма сёлетняга Тыдня малітвы аб адзінстве хрысціянаў заахвочвае нас „Імкнуцца да справядлівасці“. Фрагмент Евангелля, вызначаны на сённяшні дзень, — гэта размова жанчыны-канаанкі і Езуса (гл. Мц 15, 21-28). Гэтая жанчына, якая не належала да выбранага народа, Бога ведала лепш, чым тыя, хто быў бліжэй да Яго, дзякуючы Запавету», — сказаў біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці.

Калі чалавек ходзіць у касцёл, у царкву або ў пратэстанцкі малітоўны дом, гэта яшчэ не азначае, што ён сапраўды з’яўляецца веруючым, падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што вера не зводзіцца толькі да таго, каб быць ахрышчаным або належаць да пэўнай хрысціянскай супольнасці.

«Вера — гэта штосьці жывое, пра што трэба клапаціцца, бо інакш яе можна страціць», — сцвердзіў біскуп Яшэўскі.

«Верыць, як паказвае сваёй паставай жанчына з Евангелля, азначае быць упэўненым, што маё жыццё ў руках Бога. Калі ў нашым хрысціянскім жыцці ўзнікае спакуса адысці ад Езуса, адчуваючы сябе нявартым Божай любові і Божага прабачэння, варта ўзгадаць пра размову канаанкі з Езусам. Яе словы напоўнены даверлівай малітвай да Таго, хто ведае нас лепш за нас саміх. Таму мы можам прыйсці да Езуса такімі, якімі мы ёсць насамрэч, каб папрасіць Хрыста аб дапамозе ў цяжкасцях і крызісах. Толькі вера ў ласку Божую здольная перамагчы ўсе падзелы, звязаныя з чалавечай слабасцю і недасканаласцю», — падкрэсліў іерарх.

На яго думку, хрысціяне перажылі шмат падзелаў з-за таго, што чалавечае «я» ставілася вышэй за Хрыстовае «будзь воля Твая».

«Калі мы будзем паслядоўна ісці да Езуса, няхай і рознымі шляхамі, мы сустрэнемся разам на той самай вершыні, таму што Бог адзін і Ён не дзеліцца», — сказаў на заканчэнне біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Абноўлена 25.01.2019 14:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.