
Супольнасць Салезіянскага таварыства святога Яна Боско ў Беларусі паведамляе, што рашэннем новаабранага Генеральнага настаяцеля Салезіянскага таварыства ксяндза Фабіё Атарда SDB новым рэгіянальным настаяцелем у Беларусі прызначаны ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB.
Ксёндз Віктар ужо выконваў гэтыя абавязкі ў 2013–2022 гадах, а апошнія тры гады служыў вікарыем дэлегата і эканомам рэгіянальнай супольнасці.
На гэтай пасадзе ён змяняе ксяндза Паўла Шчарбіцкага SDB, які з 2022 года ўзначальваў салезіянскую супольнасць у Беларусі.
Апошнія два гады ксёндз Віктар знаходзіцца ў Германіі і завяршае атрыманне навуковай доктарскай ступені ў галіне кананічнага права на дзяржаўным універсітэце імя Людвіка-Максіміліяна ў Мюнхене (LMU München).
Нагадаем, што салезіяне ў Беларусі нясуць служэнне ў Мінску, Бараўлянах, Смаргоні і Жупранах, а біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён, належыць да кангрэгацыі.