18 студзеня былі падведзены вынікі каляднай дабрачыннай акцыі «Кошык Дабрыні», арганізаванай парафіяй Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку разам з парафіянамі і гандлёвымі аб’ектамі горада і раёна.
Акцыя, якая стартавала на Навгрудчыне 6 снежня мінулага года, была скіравана на аказанне дапамогі дзецям з малазабяспечаных і шматдзетных сям’яў.
Пробашч навагрудскай парафіі св. Міхала Арханёла кс. Юрый Жэгарын нагадаў, што ўпершыню падобная акцыя была праведзеная год таму парафіяй св. Казіміра ў аграгарадку Уселюб. У выніку было прынята рашэнне правесці мерапрыемства больш маштабна, каб дапамогу атрымала большая колькасць сем’яў. Мэта акцыі заключалася не толькі ў дапамозе патрабуючым, але перш за ўсё ў тым, каб заахвоціць людзей напярэдадні святаў Божага Нараджэння зрабіць добры ўчынак любові да бліжніх.
На працягу месяца жадаючыя набывалі ў крамах розныя тавары (крупы, муку, алей, кансервы, пячэнне, канцылярскія тавары і інш.) і пакідалі іх у спецыяльна прызначаным кошыку.
Арганізатары акцыі нават не чакалі, што «Кошыкі дабрыні» будуць напаўняцца настолькі хутка!
У выніку было сабрана толькі каля 600 кілаграмаў прадуктаў. Арганізацыйны камітэт на чале з кс. Юрыем удзячныя ўсім жыхарам горада і раёна: католікам, праваслаўным і прадстаўнікам іншых канфесій і рэлігій, якія не засталіся ў баку ад гэтай добрай справы.
Асноўная частка дапамогі — больш за 50 пакетаў — была ўручана 18 студзеня пры садзейнічанні сацыяльных педагогаў школ г. Навагрудка, якія, ведаючы матэрыльную сітуацыю, вызначылі найбольш патрабуючыя сем’і, незалежна ад іх канфесійнай прыналежнасці. За некалькі дзён да гэтага парафія прыняла ўдзел у агульнарэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» і таксама аказала дапамогу тым, каму яна была насамрэч неабходная. Частку сем’яў вернікі плануюць наведаць асабіста.