20 студзеня ў межах XVI фестывалю калядных песень Gloria in Excelsis Deo, які праходзіў у Іўі, Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр цэлебраваў св. Імшу ў мясцовай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла.
«Сёння тут, з намі, сабраліся вернікі розных канфесій, якія праз музыку хочуць падзяліцца сваімі талентамі, — сказаў прадстаўнік Святога Айца Францішка на пачатку Імшы. — У народзе кажуць: „Хто спявае, той двойчы моліцца“. Калі музыка і спеў ідуць ад сэрца, то што яшчэ можа быць прыгажэйшым!»
У гаміліі, разважаючы над урыўкам з Евангелля паводле Яна пра шлюб у Кане Галілейскай, арцыбіскуп Габар Пінтэр адзначыў, што ў ім можна заўважыць чатыры важныя думкі. Па-першае, урывак паказвае Езуса, які ўдзельнічае ў свяце. Па-другое — расказвае пра першы цуд, здзейснены Езусам. Па-трэцяе — змяшчае апошнія вымаўленыя і запісаныя ў Евангеллі словы Марыі. І нарэшце — распавядае пра самы «бескарысны» цуд з усіх здзейсненых Езусам.
«Мне асабіста вельмі падабаецца гэты факт, што Езус прысутнічае на вяселлі.
Бо можа здарыцца, што, думаючы пра Яго як пра Настаўніка і Пана, мы рызыкуем зрабіць з Езуса такога выключна сур’ёзнага чалавека, гатовага да ахвяры, але толькі не асобу, здольную цешыцца і жартаваць. Тым часам у гэтым урыўку нам адкрываецца вясёлае аблічча Бога, — звярнуў увагу іерарх. — Напэўна, наш Пан і Настаўнік падымаў тост за жаніха і нявесту, смяяўся з жартаў сяброў, забаўляўся, гледзячы на выступленні артыстаў…»
«Сэрца Бога любіць свята, — падкрэсліў арцыбіскуп. — Не п’янкі, не разгул, не распусту, не праз край… Не! Богу падабаюцца людзі спакойныя, з чыстым сэрцам, якія разам смяюцца, танцуюць, весяляцца ў гармоніі і міры. Наш Бог ёсць Богам радасці, таму што Яго сэрца перапаўняе любоў, а плод любові — гэта заўсёды сапраўдная радасць».
«З вялікай прастатой Марыя звяртаецца да свайго Сына і кажа: „Не маюць віна“. Адказ, які дае Езус, можа нават здавацца грубым: „Ці гэта Мая або Твая справа, Жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая“. <…>
І паглядзіце, як адказвае Марыя: як бы не бярэ пад увагу словаў Сына, не хвалюецца, не змяняе сваё стаўленне да сітуацыі і толькі кажа тым, хто разлівае віно: „Тое, што Ён скажа вам, зрабіце“.
Усяго шэсць словаў. Апошнія шэсць слоў Марыі, запісаныя ў Евангеллі.
<…> Гэта — апошнія і таму яны з’яўляюцца, можна сказаць, спадчынай, Яе запаветам для нас, у якім пэўным чынам знаходзіцца адказ на ўсе нашыя пытанні», — адзначыў Апостальскі Нунцый.
Акрамя таго, па словах іерарха, з часам некаторыя пачалі сцвярджаць, што цуд у Кане, калі Езус ператварыў ваду ў віно, «можна лічыць „бескарысным“, непатрэбным»:
«Цуды аздараўлення хворых, ачышчэння пракажоных, цуд вяртання зроку сляпым — гэта патрэбныя, карысныя цуды. Таксама добра памнажаць хлеб, каб накарміць галодны натоўп, цудоўна ўваскрасіць дачку Яіра, сына ўдавы з Наіна... Але даць больш віна тым, што і так ужо шмат выпілі і цяпер весяляцца… што гэта? Гэта зусім непатрэбна, гэта не перамяняе жыццё: проста крыху больш віна на вечарыне!»
«Чаму ж тады Езус вырашыў здзейсніць гэты цуд?
Перш за ўсё, учыніўшы гэты цудоўны знак перад вачыма сваіх першых вучняў і слугаў у Кане, перамяніўшы імгненна ваду ў віно, малады Настаўнік з Назарэта паказаў сваю здольнасць кантраляваць усё стварэнне, магчымасць кардынальна змяняць існасць быцця.
Гэтым жэстам Ён прамаўляе: „Верце ў Мяне. Я сапраўды пасланы Богам. Ён уклаў у мае рукі ўладу, каб ператвараць рэчаіснасць, каб змяняць саму прыроду рэчаў. Калі Я магу перамяніць ваду са студні ў іскрыстае віно, паспрабуйце ўявіць сабе, як магу перамяніць таксама сэрца, як магу перамяніць жыццё!“» — патлумачыў арцыбіскуп Габар Пінтэр.
З іншага боку, дадаў іерарх, «здзяйсненне цуду, які можа здацца непатрэбным, бескарысным, адкрывае пэўную рысу любові, якою любіць нас Бог»:
«Ён не задавольваецца толькі тым, каб проста даць нам неабходнае, тое, што патрэбна для выжывання.
Яму падабаецца песціць нас, даваць нашмат больш, падараваць нам прыгажосць, радасць, задавальненне... І мы пастаянна гэта бачым. Паглядзіце на трыумф прыгажосці і разнастайнасці раслін і кветак у прыродзе! Паглядзіце на ўнікальны цуд усходаў і заходаў сонца! (…) Ён захацеў распачаць сваю місію цудам, які дазволіў святу быць даўжэйшым, які прынёс радасць і весялосць, які выклікаў усмешкі на тварах».
«На працягу тыдня, які цяпер распачынаем, давайце старацца мець вочы і сэрца адкрытымі, каб атрымаць асалоду ад усёй прыгажосці, якую Пан стварае вакол нас, — заклікаў арцыбіскуп удзельнікаў Імшы. — Давайце дзякаваць Яму за маленькія штодзённыя цуды, якія робяць нашае жыццё такім багатым. А калі б нам сустрэліся цяжкасці, мы ведаем, што можам зрабіць: як у Кане, звернемся да Марыі, Маці Езуса, каб Яна ўмяшалася, каб дапамагла, каб выправіла сітуацыю. А мы, са свайго боку, прыслухаемся да Яе голасу, які паўтарае хрысціянам усіх часоў: „Тое, што Ён скажа вам, зрабіце“».