Пошук

19.01.2019 23:04   Catholic.by

У ноч з 18 на 19 студзеня ў Гомелі ў капліцы на месцы будаўніцтва касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося малітоўнае чуванне моладзі.

Кожны дзень у гэтай маладой парафіі падчас малітвы на ружанцы гучыць просьба аб заступніцтве Маці Божай у справе хутчэйшага будаўніцтва касцёла. Правесці малітоўнае чуванне моладзь парафіі падштурхнула менавіта гэтая інтэнцыя, а таксама Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў, які распачаўся ў Каталіцкім Касцёле 18 студзеня.

Чуванне праходзіла пад дэвізам «Калі ўвесь горад будзе спаць, мы будзем чуваць у малітве разам з Езусам».

Святую Імшу, якой яно распачалося, узначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, які і благаславіў гэтую капліцу на Рэчыцкім праспекце Гомеля 16 лістапада мінулага года. Затым адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Адарацыя працягвалася ўсю ноч.

«Як пабудаваць святыню?» — менавіта гэтыя словы пытання перш за ўсё гучалі падчас адарацыйнай малітвы. І прысутныя імкнуліся самастойна адказаць на іх.

Айцец Леанард Адушкевіч OSPPE, пробашч парафіі, адказваючы на гэтае пытанне, узгадаў свой уласны жыццёвы вопыт:

«Я дзевяць гадоў працаваў на Данбасе, і так атрымалася, што там таксама прыйшлося будаваць санктуарый. Памятаю, што, калі паглядзеў на план санктуарыя, тры ночы не мог спаць – як тут вось будаваць? Паехаў да аднаго святара, які ўжо і заснаваў “Caritas”, і пабудаваў касцёл і плябанію. Пытаюся ў яго: “Ксёндз Здзіслаў, як ты гэта зрабіў?” Ён кажа: “Не перашкаджай Богу”. — “Як?” — “Сам пабачыш”.

Я зразумеў тады, што, калі Бог паслаў мяне — значыць трэба будаваць. Я распачаў будаўніцтва, а Бог сам ставіў на маім шляху патрэбных мне людзей. Я толькі прыслухоўваўся да гэтых людзей.

А ў гэтай парафіі да мяне падышла верніца Вольга і сказала, што маладыя людзі хацелі б правесці чуванне. Я адразу, доўга не думаючы, вырашыў, што, калі моладзь сама прапануе мне чуванне, то тут гучыць голас Божы. Так што Бог мае свае шляхі!

Калі ехаў сюды, у Гомель, то ў цягніку, закрываючы вочы, бачыў такі зусім чорны “сцэнарый”. Трэба правесці першую Імшу Пастэрку — а я не ведаю нікога і нічога, і людзі мяне не ведаюць. Як гэта будзе? Не ведаў, хто прыйдзе, хто будзе спваць, хто будзе служыць, адкуль узяць тое альбо іншае… Але, калі прыехаў, то ў гэтай парафіі, якая была толькі зарэгістравана, самі людзі прыйшлі і кажуць: “Я буду служыць”, “Я буду спяваць”.

Я маліўся тут першы раз, але адчуванне было такое, быццам я тут ужо дзесяць гадоў. Парафія была арганізаванай — Бог неяк так учыніў. У мяне, як манаха, няма машыны, і вось на наступны дзень пасля таго, як я прыехаў, мне купілі праязны білет, прыносяць мне ежу, прыбіраюць…»

Мы запыталіся таксама ў парафіянкі Вольгі Клюй, навошта праводзіцца гэтая адарацыя. Менавіта яна, 34-гадовы інжынер-эколаг, звярнулася да пробашча з прапановай яе арганізацыі.

— Калі чытала ў Евангеллі месца пра малітву Езуса ў Аліўным садзе, мне было неяк заўсёды балюча і няёмка, што, калі Ён вярнуўся да сваіх вучняў, яны спалі, а не чувалі. Мне так хацелася ўсклікнуць да Езуса, што калі б я была там, на іх месцы, то чувала б і хацела маліцца з Ім. Таму менавіта гэта паспрыяла, што захацелася зрабіць такое начное чуванне і запрасіць сюды моладзь і тых людзей, якія жадалі б разам з намі маліцца і трываць з Езусам праз усю ноч.

Магу сказаць, што нават зараз бачу плёны гэтых малітваў, бо мы ўжо рабілі два такіх начных чування ў касцёле па вул. Савецкай, які дагэтуль быў у горадзе адзіным месцам дзе маглі збірацца католікі. У нас была такая малітва ў інтэнцыі гэтага месца і душпастыра, які бы прыехаў у Гомель, меў бы час, каб займацца моладдзю, нешта развіваць. І, як зараз бачна, душпастыр ёсць — гэта айцец Леанард. Калі мы яго ўбачылі, то адразу зразумелі: вось гэта плёны нашай малітвы. Таму зараз таксама верым, што, калі будзем маліцца за гэты касцёл, то ён будзе хутка пабудаваны, — распавяла Вольга.

Акрамя матэрыяльнага касцёла, належыць памятаць і аб тым, што больш складана будаваць, — жывы Касцёл чалавечай веры. З пытаннем, як яго будаваць, мы таксама звярнуліся да парафіян.

— Людзі ёсць, і іх становіцца больш. І, калі мы рапачыналі нашыя чуванні, яны складаліся толькі з моладзі. Зараз бачым, што тут ёсць ужо людзі і старэйшага ўзросту, якія не толькі прыйшлі на вечаровую Імшу, але і засталіся на гэтае чуванне.

Яне з Мазыра, студэнтцы медыцынскага ўніверсітэта Гомеля, мы задалі пытанне: «Навошта ты на гэтай адарацыі, чаго шукаеш, на якія плёны спадзяешся?»

— Адназначна гэтая малітва прыносіць свае плёны. Скажу пра сябе.

Я зараз жыву ў студэнцкім інтэрнаце, 12 гадзін у дзень вучуся, жыву ў мітусні, і мне проста не хапае цішыні. І толькі тут, на гэтай малітве, я магу пачуць голас Бога. А малітва, як кажа наш біскуп, — гэта перш крок у нашых памкненнях і нашых марах. А Бог ужо чуе і нешта робіць. Сама гэтая сітуацыя, што мы тут сабраліся, — гэта ўжо цуд.

15-гадовы Максім вучыцца ў школе ў Гомелі:

— Навошта патрэбны тут, у Гомелі, гэты касцёл?

— Засталася постсавецкая эпоха. І мы спазнаём і бачым гэтую латэнтнасць да веры — што нібыта веру, нібыта не веру, — але фундамент духоўнасці ўжо будуецца, і ён ужо немалы. Мы бачым, як святары прыкладваюць вялікія намаганні, каб вернікі маглі добра зразумець, хто для цябе Езус Хрыстус і як ты сам можаш дапамагчы іншым людзям, якія знаходзяцца побач з табой.

У Гомелі шмат моладзі, якая шукае Бога. Я сам не ахрышчаны ў Касцёле — прыйшоў зусім нядаўна, крыху менш за год таму. Шукаючы Бога, разумееш, што Бог таксама цябе шукае і кліча.

Мы, груба кажучы, рэкламуем, што, калі па-сапраўднаму, не для паказу, верым у Бога, калі ходзім у касцёл, імкнёмся быць добрымі — гэта і ёсць місія евангелізацыі.

Рэпартаж з начной адарацыі можна будзе пачуць на «Радыё Марыя» 21 студзеня ў 11.10.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця