18 чэрвеня, на заканчэнне катэхетычнага года, у парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі (Пінская дыяцэзія) упершыню адбылася святая Імша для асобаў з парушэннем слыху.
Уся Літургія і сакрамэнт споведзі, які папярэднічаў Эўхарыстыі, перакладаліся на жэставую мову.
Для многіх дарослых вернікаў, якія на працягу некалькіх гадоў бралі актыўны ўдзел ў сустрэчах, гэты дзень запамятаецца як момант першай споведзі і ўрачыстасць прыняцця першай святой Камуніі.
Дзеля таго, каб адпаведным чынам падрыхтаваць і духоўна перажыць гэтую сустрэчу, да суполкі глухіх Пінскай дыяцэзіі ў Гомелі быў запрошаны душпастыр асобаў з абмежаваннем слыху з Мінска ксёндз Ян Кузюк. Арганізатары ўдзячныя ксяндзу Яну за добразычлівасць, дапамогу і гатоўнасць адгукнуцца на важную пастыскую ініцыятыву.
Душпастырства глухіх адносіцца да так званага спецыялізаванага душпастырства. Перадусім такая паслуга скіраваная на працу з асобамі, якія маюць абмежаванні слыху ў рознай ступені. Менавіта з гэтай прычыны душпастыры і валанцёры, уваходзячы ў «свет глухіх», маюць патрэбу ў адпаведнай падрыхтоўцы, што заключаецца ў набыцці асноўных псіхалагічных, педагагічных і сацыялагічных кваліфікацый і ведаў адносна глухіх. Важным таксама з’яўляецца валоданне жэставай мовай, прынамсі на базавым узроўні.
Пачынаючы з верасня 2020 года, пры гомельскай парафіі рэгулярна арганізуюцца адмысловыя сустрэчы для асобаў з абмежаваннем слыху.
Напачатку галоўнай мэтай дзейнасці суполкі было імкненне перадаць агульныя катэхетычныя веды, адкрыць для глухіх прыгажосць Евангелля і хрысціянскай традыцыі. Пазней, з цягам часу, аказалася, што шмат увагі трэба ўдзяліць падрыхтоўцы да сакрамэнту споведзі і хросту. На працягу трох гадоў існавання душпастырства глухіх Пінскай дыяцэзіі аб сакрамэнце хросту для сваіх дзяцей папрасілі чатыры сям’і з парушэннем слыху.
Завяршенне катэхетычнага года святой Імшой з сурадаперакладам з’яўляецца важным крокам да далейшага развіцця душпастырства глухіх у Пінскай дыяцэзіі і ва ўсім Касцёле на Беларусі. Святы Павел навучае, што вера нараджаецца з таго, што мы чуем: таму, несумненна, варта прыкласці ўсе магчымыя намаганні, каб абмежаванне слыху не стала перашкодай для атрымыння Божых ласкаў, якія чалавек чэрпае ў сакрамэнтах.
Важна таксама, каб гэтая ініцыятыва мела свой працяг у сістэматычнай духоўнай фармацыі праз катэхезацію і евангелізацыю.
Усе зацікаўленыя душпастырствам асобаў з абмежаваннем слыху маюць магчымасць кожную суботу а 17-й гадзіне далучыцца да святой Імшы з сурдаперакладам, якая цэлебруецца ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.