У суботу 3 лютага ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску адбылася Імша для глухіх і асобаў з парушэннем слыху.
Цэлебрацыю ва ўспамін святога Блажэя, біскупа і мцчаніка, асаблівага заступніка пры хваробах горла, узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх на пачатку Імшы прывітаў усіх вернікаў, які прыйшлі разам памаліца, а асабліва глухіх і асобаў з парушэннем слыху.
Арцыпастыр прадставіў новапрызначанага дыяцэзіяльнага душпастыра глухіх ксяндза Яна Кузюка, які нясе служэнне ў архікатэдральнай парафіі сталіцы.
Асноўнымі задачамі душпастыра з’яўляецца арганізацыя адмысловай душпастырскай апекі над глухімі і асобамі з парушэннем слыху, якія пражываюць на тэрыторыі архідыяцэзіі, і іх фармацыя ў духу хрысціянскага вучэння.
У святой Імшы браў удзел таксама шматгадовы душпастыр глухіх ксёндз канонік Францішак Рудзь, які падчас супольнай малітвы дзякаваў Богу за аднаўленне ў Мінску гэтага спецыяльнага душпастырства.
Душпастырства глухіх і асобаў з парушэннем слыху ўзнікла па ініцыятыве арцыбіскупа Станеўскага.
У прамоўленай гаміліі іерарх падкрэсліў важнасць несці Хрыста і Яго Евангелле ўсім людзям, а асаблівым чынам тым, хто «не чуе вушамі, але, вачыма гледзячы на жэсты, чуе сэрцам».
Напрыканцы святой Імшы глухія вернікі павіншавалі арцыбіскупа Юзафа Станеўскага з 10-годдзем з часу яго біскупскага пасвячэння.
З гэтага часу на пастаяннай аснове кожную суботу ў архікатэдры а 17-й гадзіне будзе цэлебраваца Імша для глухіх і асобаў з парушэннем слыху.