16 студзеня ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Бабруйску прайшла пастырская сустрэча з удзелам святароў і кансэкраваных асобаў Магілёўскага рэгіёна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з біскупам Аляксандрам Яшэўскім SDB.
У гэты дзень прэзбітэры, законнікі і законніцы па традыцыі супольна маліліся Літургію гадзінаў, паслухалі фармацыйнае настаўленне, узялі ўдзел у супольнай Эўхарыстыі і абмеркавалі бягучыя справы.
Першая рэгіянальная пастырская сустрэча ў новым 2019 годзе была прысвечана таму, як важна, каб святары і духоўныя асобы мелі ў сабе супакой і дбалі пра гэты стан у сваім жыцці.
Настаўленне на гэтую тэму прамовіў кс. канонік Андрэй Яркавец, які паказаў розніцу паміж супакоем, які зыходзіць ад Бога, і тым, які дае свет.
Сустрэчу працягнула святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Аляксандр. Іерарх, грунтуючыся на словах Хрыста з казання на гары «Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі» (Мц 5, 9), у прамоўленай гаміліі развіў тэму настаўлення кс. Яркаўца пра супакой у жыцці і дзейнасці духоўных і кансэкраваных асобаў.
«Супакой, пра які кажа Хрыстус у Нагорнай пропаведзі, не з’яўляецца творам чалавека, а дарам самога Бога.
Мы ніколі не пабудуем супакой самі па сабе, выкарыстоўваючы толькі чалавечыя намаганні. Сапраўдны супакой можа даць нам толькі Бог, а нашая задача заключаецца ў тым, каб уводзіць яго там, дзе мы жывем, працуем і служым. Толькі тады, калі супакой паселіцца ў нашых сэрцах, ён можа запанаваць ва ўсім свеце», — падкрэсліў іерарх.
«Атрыманне супакою ў нашым жыцці пачынаецца з самых простых рэчаў. Па-першае, трэба з удзячнасцю прыняць наша жыццё як дар Божы, і замест таго, каб скардзіцца, наракаць, быць пастаянна незадаволенымі, трэба пачаць радавацца простым штодзённым справам і абавязкам.
Па-другое, Езус спалучае супакой з дараваннем грахоў.
Мы не дасягнем супакою ў сваім жыцці, калі сумленне будзе дакараць нас за правіны. Такім чынам, супакой з самім сабою азначае чысціню сумлення.
Прымірэнне і прабачэнне грахоў з’яўляюцца ўмовай для супакою.
Па-трэцяе, праца над сабой, рэгулярная сустрэча з Езусам у сакрамэнце пакаяння, а таксама практыка пастаяннага духоўнага кіраўніцтва паказваюць, што, каб жыць у супакоі з іншымі, трэба прыняць іх такімі, якімі яны ёсць, а не такімі, якімі яны павінны быць у адпаведнасці з нашымі пажаданнямі. Будаванне супакою з іншымі людзьмі засноўваецца таксама на тым, каб вучыцца добра казаць пра іншых, заўважаючы ў іх дабро, а не абгаворваць, не ачарняць іншых.
Калі мы, пачаўшы з саміх сябе, будзем імкнуцца ў сваім жыцці праяўляць супакой, то будзем называцца Сынамі Божымі. У штодзённым жыцці мы пакліканыя сведчыць аб тым, што мы — дзеці Божыя, што ў нас жыве Хрыстус — Валадар Супакою.
Супакой — гэта плён любові: чым больш у нас любові да Бога і да бліжніх, тым больш у нас супакою да нас саміх і да іншых», — завяршыў сваё разважанне біскуп Яшэўскі.
Падчас арганізацыйнай часткі сустрэчы былі абмеркаваныя бягучыя справы і планы мерапрыемстваў, якія павінны адбыцца ў бліжэйшы час.
Наступная сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Магілёўскага рэгіёна запланавана на 13 лютага і пройдзе ў парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках.