З 22 па 29 верасня ў бабруйскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) адбывалася перэгрынацыя фігуры святога Арханёла Міхала.
За тыдзень перэгрынацыі вернікі з Бабруйска, Глуска, Клічава скіравалі мноства малітоўных просьбаў да Арханёла Міхала, святога Апекуна Касцёла на Беларусі.
Сярод малітваў вернікаў асаблівае месца займала просьба аб канчатковым вяртанні бабруйскай святыні парафіі і аб наданні ёй першапачатковага выгляду каталіцкага касцёла са стромкай гатычнай вежай, на месцы якой усё яшчэ знаходзіцца недарэчны пяціпавярховік мінулай савецкай эпохі.
Перэгрынацыя фігуры святога Арханёла Міхала ў Бабруйску завяршылася 29 верасня, у свята святых Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў кусташ фігуры ксёндз канонік Ігар Лашук.